Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначаюць новыя кадравыя прызначэньні ў КДБ?


Сёньня Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі кадравых прызначэньняў, у тым ліку і ў складзе кіраўніцтва КДБ.

Кіраўнік дзяржавы прызначыў Уладзіміра Арчакова начальнікам упраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці, Аляксандар Крывогін узначаліў галоўнае ўпраўленьне контравыведкі КДБ, Аляксандар Талсташоў - галоўнае ўпраўленьне па контравыведнаму забесьпячэньню праваахоўных і кантралюючых органаў, барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю, а Аляксандар Пакумейка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўленьня абароны канстытуцыйнага ладу і барацьбы з тэрарызмам.

Гэтыя прызначэньні мы папрасілі пракамэнтаваць рэдактара інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука.

Сацук: Наконт асобаў я нічога не магу сказаць. Але што да працы ўпраўленьня па абароне канстытуцыйнага ладу, то да яго ў апошнія гады было шмат пытаньняў. Яно стала непаваротлівым, такім кандова-савецкім. Дастаткова прыгадаць скандал з Femen - як жорстка і груба яны тады спрацавалі. Некалькі гадоў таму гэтае ўпраўленьне было даволі гнуткім, яго супрацоўнікі разумелі, як трэба працаваць з друкам, зь недзяржаўнымі арганізацыямі. З прыходам памежнікаў гэтае ўпраўленьне стала такім вайсковым. Магчыма, прыход новай асобы зьменіць працу гэтага падразьдзяленьня і яно стане больш гнуткім у сваёй працы.

РС: Ці не зьвязаныя некаторыя з гэтых прызначэньняў з абвастрэньнем стасункаў Беларусі з Эўропай?

Сацук: Хутчэй за ўсё так. Бо менавіта ў сфэру дзейнасьці ўпраўленьня па абароне канстытуцыйнага ладу уваходзіць курыраваньне друку, недзяржаўных арганізацый, палітычных партый. Апошнім часам гэтае ўпраўленьне перайшло на больш жорсткі рэжым працы, што і было адным з чыньнікаў абвастрэньня стасункаў з Эўропай. Калі прыйшоў чалавек больш гнуткі, гэта будзе спрыяць аднаўленьню стасункаў з Эўропай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG