Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрановіч: Некаторыя музыкі робяць выгляд, што «чорнага сьпісу» няма


Віталь Супрановіч
Віталь Супрановіч

Ужо другі год у Беларусі дзейнічае грамадзкая кампанія «Рок-салідарнасьць». Яна распачалася 10 сьнежня 2011 году, у Дзень абароны правоў чалавека. Удзельнікамі кампаніі сталі актывісты грамадзкіх арганізацый, якія любяць беларускую рок-музыку, і проста неабыякавыя да несправядлівасьці людзі.

Акцыі кампаніі ўжо прайшлі ў Магілёве, Наваполацку, Віцебску і іншых гарадах краіны. 6 красавіка ў менскім офісе БНФ па адрасе Чарнышэўскага, 3 адбудзецца сустрэча з Аляксандрам Кулінковічам, лідэрам гурта «Нэйра Дзюбель».

На пытаньні Радыё Свабода адказываюць ініцыятары кампані Віталь Супрановіч і Аляксей Лукашэвіч.

Радыё Свабода: «У чым палягае ідэя кампаніі?»

Аляксей Лукашэвіч: «Ідэя кампаніі — паказаць людзям, што ёсьць музыкі, якія ня могуць выступаць. Сказаць, што гэта ненармальна, што ў нас ёсьць людзі, якія ня маюць права на творчасьць. Бо хтосьці штосьці чуў, але дакладна ня ведае, ці ёсьць гэтыя сьпісы ці не.

Але мы таксама хочам яшчэ і наладзіць кантакт паміж музыкамі і слухачамі. Бо яны збольшага сустракаюцца толькі на канцэртах, а зараз і канцэртаў няма. Таму музыкі ў вакууме знаходзяцца, ня ведаюць, ці хочуць яшчэ іх людзі слухаць. Гэта магчымасьць даведацца пра музыкаў зь іншага боку. Напрыклад, пасьля сустрэчы з Кулінковічам, сустракаемся з Алесем Таболічам, гэта музыка-мастак. Будзем даведвацца, чым займаюцца музыкі апроч музыкі.

РС: «А ці ёсьць сэнс размаўляць пра „чорныя сьпісы“ непасрэдна з уладальнікам пляцовак?»

Віталь Супрановіч: «Большасьць уладальнікаў клюбаў самі фанаты гэтай музыкі. Нават калі ведаюць, што будуць праблемы, яны ўсё адно спрабуюць зладзіць канцэрт. Гэта станоўчы момант. І толькі калі на іх ціснуць, то яны адмаўляюць. Таму з пляцоўкамі размаўляць у прынцыпе няма пра што. Галоўнае данесьці да ўладаў тое, што гэта ненармальная сытуацыя — музыкі, незалежна ад сваіх поглядаў, маюць права выступаць. А атрымліваецца, што музыка залежыць ад таго, што агулам адбываецца ў краіне. Людзі, якія маюць адрозную ад афіцыйнай думку, лічацца як быццам „недаграмадзянамі“».
Большасьць уладальнікаў клюбаў самі фанаты гэтай музыкі.

РС: «А музыкі, якія не знаходзяцца ў сьпісе, не баяцца трапіць у адну кампанію з забароненымі?

АЛ: «Пакуль я з такім не сутыкаўся».

ВС: «Агульная атмасфэра, якая ёсьць у краіне, такая ж і сярод музыкаў. У нас зьняволеныя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, за якіх галасавалі сотні тысяч людзей. Але асаблівай салідарнасьці зь імі няма. Гэтаксама і музыкі. Некаторыя робяць нават выгляд, што ня вераць, што некага могуць забараніць — маўляў, такога ня можа быць. Няма салідарнасьці ня толькі паміж рок-музыкамі і эстраднымі музыкамі. Але няма і салідарнасьці паміж музыкамі аднаго музычнага накірунку. Вось „Рок-каранацыя“ апошняя паказала, што вельмі дэпрэсіўная абстаноўка цяпер у музыцы».

РС: «Ці такія сустрэчы сапраўды падтрымліваюць музыкаў?»

АЛ: «Гэта не канцэрт. На сустрэчы квіткі не прадаюцца. Выжываць музыкам гэта дакладна не дапамагае. Але музыкі добра ўспрымаюць сам фармат творчай сустрэчы. Вайцюшкевіч з Вольскім збольшага ў разьездах, зь імі цяжка дамовіцца. Але мы гаварылі зь Пітам Паўлавым, са Славай Коранем. Наступная сустрэча ў нас з Кулінковічам».

ВС: «Я думаю, што большасьць музыкаў у дэпрэсіі цяпер. Нават калі кажаш „давайце паспрабуем нешта зрабіць“, яны адказваюць: „а навошта, усё адно забароняць“. Канечне, калі музыка малады, толькі пачынае, то яму ўсе гэтыя забароны не такія страшныя. Але калі мы кажам пра сталых музыкаў, то натуральна, што ім патрэбныя канцэрты, бо жыцьцё ідзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG