Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш паловы прагаласуе супраць кандыдатаў Лукашэнкі

абноўлена

Вынікі сакавіцкага сацыялягічнага дасьледаваньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, зарэгістраванага ў Літве.

На думку НІСЭПД, вынікі дасьледаваньня паказваюць наступнае: «Беларускае грамадзтва надалей застаецца ў стане сну. Крызіс 2011 году так і ня здолеў яго раскатурхаць. У сярэдзіне лета складалася ўражаньне, што працэс абуджэньня вось-вось пачнецца, але кастрычніцкая стабілізацыя курсу беларускага рубля стала чымсьці накшталт моцнадзейнага сацыяльнага снатворнага».

У апытаньні ўдзельнічалі больш за 1500 чалавек. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці не перавышае 0,03%.

Чарноў: «Трэцяя сіла ў Беларусі — гэта хімэра і ілюзіі»

Віктар Чарноў
Віктар Чарноў
Палітоляг Віктар Чарноў кажа «Свабодзе», што наяўнасьць у Беларусі нейкай трэцяй сілы паміж уладай і апазыцыяй — гэта хімэра і міт:

«Гэта рэанімацыя старога міту пра трэцюю сілу. То бок многіх выбарцаў не задавальняе дзейная ўлада. І ў той жа час яны ня бачаць альтэрнатывы ёй у апазыцыі. І таму яны жывуць марай, што, магчыма, зьявіцца нейкая трэцяя сіла — новыя рухі, новыя кандыдаты ў дэпутаты, якія будуць выражаць нейкія асаблівыя пункты гледжаньня.

Гэта — хімэра, ілюзія. Такога ў нас быць ня можа. У тых умовах, у якіх апынулася Беларусь, нічога іншага, акрамя палярызацыі, немагчыма. Трэцяга тут ня дадзена».

Тое, што амаль палова насельніцтва нічога ня ведае пра магчымы байкот выбараў, Віктара Чарнова ня дзівіць:

«Бальшыня беларусаў — людзі даволі апалітычныя. Яны не жывуць штодня ў палітычна-інфармацыйнай прасторы. На іх палітычныя навіны часта падаюць як сьнег на галаву. Палітычна актыўныя людзі пра гэта ўжо даўно ведаюць, а да астатніх гэта даходзіць вельмі позна. Бальшыня жыве сваім прыватным жыцьцём. І таму, каб прасунуць ідэю байкоту, трэба праводзіць вельмі маштабную, актыўную, энэргічную інфармацыйную кампанію».


Лябедзька: «Лічбы НІСЭПД аптымістычныя для актыўнага байкоту выбараў»

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што насамрэч трэба весьці гаворку не пра тры, а пра дзьве групы ў грамадзтве: «Бо ў Рэспубліцы Беларусь той, хто падтрымлівае Лукашэнку, адкрыта выказваецца пра гэта. А вось што тычыцца яго апанэнтаў, то яны падзяляюцца на дзьве падгрупы — тыя, хто выступае з адкрытым забралам, і тыя, хто з розных прычынаў вуаліруе сваю пазыцыю. Таму з гэтага апытаньня бачна — калі б у Беларусі былі свабодныя выбары, то значную большасьць у парлямэнце атрымалі б прыхільнікі пераменаў, а прыхільнікі Лукашэнкі былі б у апазыцыі».

Старшыня АГП таксама лічыць, што дадзеныя пра магчымы ўдзел альбо няўдзел патэнцыйных выбарнікаў у галасаваньні дае добрую пэрспэктыву для прыхільнікаў актыўнага байкоту выбараў: «Патэнцыял для ўдзелу ў выбарах усё ж такі недастатковы, каб гаварыць, што людзі пойдуць на выбары. З сацыялёгіі вядома — ня ўсе, хто кажа, што пойдзе на выбары, да іх даходзяць. А сярод тых, хто вагаецца, бальшыня не прыходзіць на выбарчыя ўчасткі. І гэта ў сытуацыі, калі сёньня ніхто не вядзе нейкую працу па тлумачэньні таго, што ў Беларусі няма сапраўдных выбараў. Таму рашэньне, якое мы прынялі на партыйным зьезьдзе, можа быць вельмі-вельмі пэрспэктыўным».


Ягораў: «Пратэставы электарат не кансалідаваны»

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Гэтыя лічбы выразна сьведчаць пра некансалідаваную пазыцыю беларускіх грамадзянаў адносна бягучай палітычнай сытуацыі. Іх падзяленьне прыкладна на тры роўныя групы сьведчыць, што бальшыня насельніцтва падтрымлівае перамены альбо ў выглядзе галасаваньня за альтэрнатыўнага кандыдата, альбо ў выглядзе патэнцыйнага галасаваньня за апазыцыйных кандыдатаў. Але гэты пратэставы электарат, які выступае за зьмены, не зьяўляецца на гэты час кансалідаваным».

Што тычыцца таго, што 41,6% апытаных нічога ня чулі пра прапанову апазыцыі байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў, то і гэта, на думку Андрэя Ягорава, цалкам вытлумачальна: «Паводле ранейшых дадзеных НІСЭПД, увогуле бальшыня беларусаў не ўспрымае нейкія радыкальныя формы зьмены сытуацыі як магчымае. Для іх толькі выбары — легітымны мэханізм зьменаў у Беларусі. Таму яны арыентуюцца менавіта на гэта.

Да таго ж сама ідэя байкоту мае вельмі малое распаўсюджаньне, таму што яна прапагандуецца выключна празь незалежныя сродкі масавай інфармацыі. А яны ня маюць значнага ўплыву на грамадзтва нават у інфармацыйным пляне».










Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG