Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзіне зноў судзяць былога палітвязьня Аляксандра Малчанава


Аляксандар Малчанаў
Аляксандар Малчанаў

2 красавіка ў Жодзінскім судзе пачаўся суд над былым палітвязьнем Аляксандрам Малчанавым і ягоным сябрам Арцёмам Ігнацікавым.

Хлопцаў абвінавачваюць у крадзяжы мэталу з тэрыторыі мясцовага кавальскага заводу цяжкіх штамповак. Паводле праваабаронцаў, якія прысутнічалі на першым судовым паседжаньні, Аляксандар Малчанаў сваёй віны ў крадзяжы не прызнаў. Былы палітвязень сказаў, што не разьбіраў абсталяваньня, а толькі зьбіраў іржавыя мэталічныя прадметы на тэрыторыі цэху буйнога ліцьця, які шмат гадоў не працуе. Патрэбу зарабляць, зьбіраючы мэталалом, Аляксандар Малчанаў патлумачыў тым, што пасьля таго як вызваліўся з калёніі, дзе ён адбываў 3 гады за Плошчу, яго звольнілі зь «БелАЗу», а больш нікуды ня бралі.

Ганна Шапуцька, якая назірала за працэсам, паведаміла: «Ён абышоў усё, дзе можна, але яго нідзе ня бралі на працу як палітычнага. Гэтак і казалі адкрытым тэкстам, што мы цябе баімся браць. Ён часова займаўся разгрузкамі, хацеў аднавіцца на вучобу ў ВНУ, была такая мара, але вось давялося зьбіраць мэталалом, каб у тым ліку дапамагчы і маці».

Паводле Ганны Шапуцькі, на судзе прагучала сьведчаньне супрацоўніка заводу пра вельмі нізкія кошты рэшткаў абсталяваньня ў цэху. Прыкладам, кран быў ацэнены ў 60 тысяч рублёў.

Працэс над Аляксандрам Малчанавым адновіцца 3 красавіка.

2 красавіка павінен скончыцца тэрмін карцэру для старшыні «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, які адбыў там ужо 30 дзён. Гэтак мяркуе Наста Палажанка, намесьнік старшыні «Маладога фронту». «Калі вызваліцца, то праз два-тры дні атрымаю ад яго ліст і буду дакладна пра гэта ведаць. Пакуль зьвестак няма. Паедзем днямі да яго з адвакатам», — кажа Наста Палажанка.

Больш за месяц знаходзіцца ў мэдычнай частцы Магілёўскай калёніі палітвязень Зьміцер Бандарэнка. «Апошні ліст ад яго датаваны 27 сакавіка. Яшчэ быў у мэдчастцы. Просіць дастаць лекі ад падагры — хваробы ног. Гэта зараз у яго галоўная праблема», — кажа жонка вязьня Вольга Бандарэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG