Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка: «Буду галадаваць да канца»

абноўлена

Маці вязьня Лідзія Каваленка
Маці вязьня Лідзія Каваленка

Маці, брат і сын Сяргея Каваленкі сустрэліся зь ім у менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Там знаходзіцца рэспубліканскі турэмны шпіталь, куды актывіста КХП БНФ паклалі ў сувязі з рэзкім пагаршэньнем здароўя ў выніку працяглай галадоўкі.

Спатканьне доўжылася гадзіну. Маці вязьня Лідзія Каваленка выйшла з пакою для спатканьняў, стрымліваючы сьлёзы:

«Толькі бачу яго, у якім ён стане, і мне баліць. Ён прыйшоў сам, але ён ледзь ходзіць. Вельмі худы і слабы. Яго трэба як мага хутчэй вызваліць. Яму трэба неадкладная мэдычная дапамога ва ўмовах добрай цывільнай лякарні, турэмным лекарам ён не давярае. А пра галадоўку кажа, што будзе ісьці да канца».
Родныя Каваленкі ўбачыліся зь Сяргеем у турэмным шпіталі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00
Наўпроставы лінк

«Казаў, што хоча быць зь сям’ёй, але яго засудзілі. Засудзілі, як ён лічыць, несправядліва. І паўтарае, што ня будзе зноў ламацца і пойдзе да канца», — дадаў брат вязьня Віталь Каваленка.

Паводле Віталя Каваленкі, Сяргей заклікаў беларусаў змагацца за незалежнасьць сваёй радзімы і яе нацыянальныя сымбалі. Таксама ён спадзяецца на падтрымку праз прапаганду бел-чырвона-белага сьцяга. Асобна Сяргей падзякаваў усім, хто яго падтрымлівае:

«Перадаў вялізарны дзякуй Уладзімеру Някляеву за перададзеную яму кнігу вершаў, казаў, што як чытаў, дык душа радавалася. І падзякаваў Зянону Пазьняку ды ўсім іншым за падтрымку і дапамогу. Сказаў, што ён разам з народам і заўсёды будзе за яго змагацца».
Родныя Каваленкі ўбачыліся зь Сяргеем у турэмным шпіталі 2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:32 0:00
Наўпроставы лінк

Сяргей Каваленка галадуе на знак пратэсту супраць прысуду, які ён лічыць незаконным. Вязень пачаў галадоўку яшчэ ў віцебскім СІЗА ў сярэдзіне сьнежня, пазьней быў пэрыяд, калі Каваленка пагадзіўся з турэмшчыкамі і нейкі час прымаў ежу. У лютым актывіст КХП БНФ зноў пачаў бестэрміновую галадоўку.

Днямі жонка вязьня зьвярнулася ў Міжнародны чырвоны крыж па мэдычную дапамогу для мужа. Таксама Алена Каваленка накіравала скаргу ў пракуратуру Беларусі. Яна просіць перавезьці мужа з турэмнага ў цывільны шпіталь, пад нагляд незалежных дактароў.

На «Валадарцы» Сяргея Каваленку трымаюць у камэры з іншымі вязьнямі, у не адпаведных для галадоўніка ўмовах, мяркуе брат актывіста Віталь Каваленка:

«Спытаў яго, якія ў яго ўмовы? Кажа, што ня вельмі. Па-першае, там усе паляць, а ён ня паліць, а па-другое, усе прымаюць ежу, а яму гэта таксама цяжка пераносіць. Трымаюць яго ў агульнай камэры, там іх яшчэ 3–4 вязьні».

Таксама Сяргей Каваленка паведаміў пра падазроныя паводзіны аднаго з сукамэрнікаў. «Не выключаю, што гэтак брата спрабавалі справакаваць на парушэньне турэмных парадкаў», — мяркуе Віталь Каваленка.
Від з турэманага вакна на вуліцу Валадарскага.
Від з турэманага вакна на вуліцу Валадарскага.

Сяргея Каваленку суд прызнаў вінаватым у парушэньні парадку адбыцьця «хатняй хіміі» за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску і асудзіў на 2 гады і месяц калёніі. Адвакат вязьня падаў на прысуд касацыйную скаргу, дзень разгляду скаргі яшчэ не прызначаны.

Зь перапынкамі Сяргей Каваленка галадуе зь сярэдзіны сьнежня, у лютым цалкам адмовіўся ад ежы. За час галадоўкі вязень схуднеў болей як на 30 кіляграмаў. Актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку суд прызнаў вінаватым у парушэньні рэжыму адбыцьця «хатняй хіміі» за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску і асудзіў на 2 гады і месяц калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG