Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta Wyborcza: «Былы палітрук Лукашэнка марыць пра мяжу на замку»


«Вайна Лукашэнкі», «Лукашэнка палохае», — артыкулы з такімі загалоўкамі зьмяшчаюць 29 лютага на першых старонках польскія газэты.

Gazeta Wyborcza у артыкуле «Вайна Лукашэнкі» падрабязна апісвае хаду ўчорашніх падзеяў вакол прапановы Менску амбасадару Польшчы ды прадстаўніцы Эўразьвязу выехаць зь Беларусі, а таксама пра захады Брусэлю ў адказ.

Цікавы, аднак, аўтарскі камэнтар да артыкулу маскоўскага карэспандэнта газэты Вацлава Радзівіновіча. Ён піша, што справа зусім не ў тым, што Брусэль пашырыў сьпіс неўязных беларускіх службоўцаў, але ў тым, што Эўрапейскі Зьвяз хоча запрашаць да сябе як мага болей беларусаў.

«Аляксандар Лукашэнка хоча паралізаваць дыпляматычныя службы краінаў, якія занадта шчодра выдаюць візы ягонаму народу. Палітрук памежных войскаў, а пазьней дырэктар саўгаса марыць пра мяжу на замку. А яшчэ лепей, каб як за Сталіна, адабраць у людзей пашпарты ды прыпісаць іх да зямлі, каб не маглі выехаць зь вёскі», — піша Радзівіновіч.

На ягоную думку, такія захады далі б беларускай прапагандзе магчымасьць надалей убіваць людзям у галаву, што ў Беларусі жывецца адносна добра, у параўнаньні з неспакойным сьветам навокал.

У сваю чаргу «Rzeczpospolita» піша пра тое, што паводле экспэртаў, Лукашэнка праз такія захады хоча, сярод іншага, паказаць кандыдату на пасаду прэзыдэнта Расеі Пуціну, што той мае ў Менску адданага хаўрусьніка.

У рэдакцыйным камэнтары газэты журналіст Анджэй Таляга піша: «Польшчы кінулі пальчатку. Яе трэба падняць, але без пафасу, бо разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі будзе мець істотнае значэньне для Польшчы. Беларусь гэта не далёкія Лібія ці Сірыя. Там аднолькава праўдападобнымі падаюцца і крах рэжыму і ягоная кансалідацыя».

Спадар Таляга адзначае, што польскія ўрады праводзілі спрэчную палітыку адносна Беларусі, а цяперашні міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі хацеў «даць рэжыму шанец ды ўцягнуць Беларусь у эўрапейскую арбіту».

«Менск адказаў перасьледам апазыцыі ды часткі польскай меншасьці. Спакусьлівым падаецца варыянт татальнай ізаляцыі Беларусі, але гэта была б памылка. Рэжым можа быць значна больш трывалы, чым мы мяркуем. Несумненна, Беларусь знаходзіцца цяпер у руках злачыннай групоўкі, аднак канстатацыя гэтага ніяк не зьмяняе факту, што Польшча ня мае мэханізмаў як гэтую групоўку ад улады адсунуць. Мы можам толькі рэагаваць на тамтэйшыя падзеі, а не ствараць іх».

«Rzeczpospolita» піша, што афіцыйны Менск неўзабаве ізноў можа зьвярнуцца да Эўразьвязу па дапамогу ды грошы і тады «нельга забыцца пра палітвязьняў — гэта галоўнае, але з патрабаваньнем неадкладнай дэмакратызацыі лепей не перабольшваць».

«Паколькі зрабіць што-кольвек рэальна няма магчымасьці, то трэба пакінуць некалькі варыянтаў, а час пакажа, які зь іх выкарыстаць», — падсумоўвае ў рэдакцыйным камэнтары аглядальнік газэты «Rzeczpospolita» Анджэй Таляга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG