Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для пэнсіянэраў гэта — галоднае жыцьцё і ня больш»


У менскіх крамах зьніжаецца колькасьць сацыяльна значных прадуктаў харчаваньня па фіксаваных коштах. Гандляры скардзяцца на адсутнасьць паставак, пакупнікі — на высокія кошты.

У пераліку сацыяльна значных прадуктаў харчаваньня, што вызначыў урад краіны, — малочныя, хлебабулачныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты ды іншае. Іх наяўнасьць у продажы — абавязак для кожнай прадуктовай крамы, кажа таваравед аднаго зь менскіх гастраномаў Ірына Зайцава:

«Вядома, сацыяльна значныя тавары ў нас ёсьць, і мы трымаемся тых коштаў на іх, якія нам давялі. Гэта перадусім малочныя вырабы, малако, кефір — 8% нацэнкі. Хлеб і хлебабулачныя вырабы — 15%. Сьметанковае масла — таксама 15%. Мясныя паўфабрыкаты, як пельмені са сьвініны і ялавічыны, — надбаўка ня 20, а 18%. Гэта значыць — тавар ідзе да пакупніка па ніжэйшых коштах».

Цікаўлюся ў пакупнікоў, ці набываюць яны сацыяльна значныя прадукты па сацыяльных коштах?

Спадарыня: «Былі такія, а зараз... Увесь час кажуць, маўляў, пэнсіянэрам можна больш малочных прадуктаў набываць. Але ж на малочныя вар’яцкія кошты: сьмятана 200 грам — па 7–8 тысяч. Ну куды гэта варта? А малако? Таксама таньней за 5 тысяч ужо няма. А тварог? Я ня ведаю, хто гэта ў стане яго набываць, асабліва сярод пэнсіянэраў».

Спадарыня: «Малако абавязкова патрэбнае, кефір таксама, крыху сьмятаны. Я ўжо на ёгурты розныя проста не гляджу. Гэта жах: літар малака 4600 — гэта жахліва».

Карэспандэнтка: «Ці бачылі калі-небудзь „сацыяльныя“ кошты на малако, ці шукаеце такое?»

Спадарыня: «Я не шукаю. Я ж ня буду біцца, каб ухапіць таньнейшае, я ўсё ж вышэй за гэта. Прыходжу і бяру тое, што ёсьць. Але, канечне, вельмі дорага, што тут казаць?»
Для пэнсіянэра гэта галоднае жыцьцё, і ня больш.

Адну з прычынаў недахопу сацыяльных тавараў па нізкіх коштах патлумачыла загадчыца аддзелу малочных прадуктаў Ірына Нетук:

«Асартымэнт такіх сацыяльных тавараў увесь час зьніжаецца. Да прыкладу, ёсьць людзі, якія ня могуць піць тлустага малака, а наш менскі малочны завод № 1 такога малака не вырабляе. Слуцкі завод не пастаўляе: усё, што ад Слуцку нам дастаецца, — адна скрыня, і ўсё. Акрамя Слуцку і ваўкавыскага „Беллакту“, нам ніхто нічога не пастаўляе. Можна сказаць, што такой прадукцыі зусім няма».

Карэспандэнтка: «А попыт на такую прадукцыю ёсьць?»

Спадарыня: «Канечне, канечне, асабліва пэнсіянэры прыходзяць і пытаюцца. Таму я іду на ўсе ўмовы, каб нам далі хоць скрыню такога малака, каб пакупнікам было. Я ня ведаю, як мы будзем далей працаваць — гэта жахліва».

Пра цяперашняе становішча з прадуктамі харчаваньня сацыяльнай значнасьці і коштамі на іх гутару яшчэ з адным наведнікам крамы.

Карэспандэнтка: «Ці набываеце вы тавары па сацыяльных коштах?»

Спадар: «А ці бачу я іх? Я мяркую, што іх увогуле нельга знайсьці. А набыць хлеб — гэта пяць тысяч, і гэта на дзень. А малако паглядзіце — за сем тысяч. Для пэнсіянэра гэта галоднае жыцьцё, і ня больш. Таму, як кажуць, жыцьцё тое — якое зарабілі, такое і маем».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG