Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З кнопкай у дупе


Пракурор Лупаў
Пракурор Лупаў

Віцебскі блогер z-dyht піша пра свае назіраньні за працэсам над Сяргеем Каваленкам

Люблю разглядаць пракурораў. Ведаю, што дурная прывычка, але пазбавіцца не магу.

Людзі, чыёй прафэсіяй і асалодай ёсьць вінаваціць іншых, – загадка. Асабліва ў Беларусі. Нейкая асаблівая парода. Якімі паўлавымі выведзеная – невядома. Выпладкі Пілата.

Уяўляю, як яны прыходзяць дадому, ставяць у вітальні свой партфэль, расшнуроўваюць бацінкі, цалуюць (калі ўмеюць цалаваць) жонку, ідуць на кухню… Што яны думаюць перад сном? Таямніца.

Але сёньня памроіць не атрымалася. На судзе Каваленкі, маю на ўвазе. Бо спадар Лупаў, што выконваў функцыю абвінаваўцы, явіўся на вочы народу ўжо ў гатовым і акрэсьленым вобразе – Нестара Пятровіча з “Вялікай перамены”. Адзін у адзін – савецкі камэдыйна-трагічны актор Міхаіл Конанаў часоў Нестара Пятровіча.

Аніякай загадкі. Такі ж круглатвары, нязграбны, зьбянтэжаны. У школе пад тлустыя задніцы такіх во нестараў жвавыя мальцы падкладаюць вострыя кнопкі. Але круглазадыя ніколі і выгляду не падаюць, што ім невыносна балюча. Сядзяць да самага званку. Да вялікай перамены. А потым...

Іншая рэч, што кнопкі ў дупе перашкаджаюць думаць. І адказваць на пытаньні.

З такіх хочацца сьмяяцца. І з такіх – сьмяюцца. Хто яшчэ мог выклікаць сёньня гратэскны рогат у залі пасяджэньня, як ня ён?

Калі б гэтага ружавашчокага паставіць перад судом поплеч з Сяргеем Каваленкам – Феміда таксама разрагаталася б. Усё б стала ясна як белы дзень. І Каваленка выратаваўся б без усякіх хуткіх дапамогаў…

Але. Рагатаць ужо ня хочацца. Бо на месца пракурора, якога і так ніхто не заўважаў, маглі пакласьці зялёны яблык. Ці паставіць стакан. Ці раскруціць варанае яйка. Гэта нічога не зьмяніла б. Хіба што яйка – куды больш удзячны аб’ект для фантазіі, чым пракурор Лупаў.

Жах у тым, што віну нам прад’яўляюць нікчэмнасці. І сама віна нікчэмная. Але коштам усяго гэтага можа стаць жыцьцё чалавека.

Нестар з кнопкай у адным месцы гэтага не разумее. Бо яму балюча, і трэба цярпець. А Вялікая перамена усё не надыходзіць…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG