Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: Бяляцкага этапуюць бліжэйшым часам


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Супрацоўнікі ізалятару перадачу прынялі — гэта значыць, што Бяляцкі ўсё яшчэ знаходзіцца ў Жодзіне. Але яны таксама сказалі, што больш перадач прывозіць ня трэба. Гэта значыць, што ў бліжэйшы час Бяляцкага этапуюць у нейкую калёнію. Аднак куды і калі, нам не сказалі», — заявіў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Перадачу для Алеся Бяляцкага прынялі ў другой палове дня 14-га лютага.

«Адзіная радасная навіна, што Алесь атрымаў вялікую, па максымуме, перадачу напярэдадні этапу. А гэта значыць, што пасьля яго этапаваньня гэтая перадача ня будзе ўлічвацца ў калёніі. Гэта значыць фактычна мы максымальна выбралі ліміт перадачаў у СІЗА, і як толькі Алесь зьявіцца ў якой-небудзь калёніі, ён зноў будзе мець права на перадачу», — растлумачыў Стэфановіч БелаПАНу.

Пасьля таго, як 24 студзеня Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу Алеся Бяляцкага, і прысуд праваабаронцу ўступіў у сілу, яго мусяць перавесьці ў калёнію.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на свае рахункі, выдаткоўваў на праваабарончую дзейнасьць.

18 студзеня жонка праваабаронцы Натальля Пінчук перавяла на рахунак упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму для суду Першамайскага раёну сабраныя грамадзянамі больш як 757 мільёнаў рублёў (90 тысяч даляраў ЗША). «Гэта ўся сума, якую паводле пастановы суду, павінен заплаціць Бяляцкі», — заявіла яна.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Да апошняга часу Бяляцкі знаходзіўся ў жодзінскай турме.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG