Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп: «На будучым тыдні адправім скаргу ў ААН»


Агляд навінаў палітвязьняў.

Жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп заявіла, што неўзабаве адправіць скаргу па справе мужа ў камітэт правоў чалавека ААН. Паўлу Севярынцу зноў прапанавалі напісаць прашэньне аб памілаваньні. Мікалай Статкевіч мусіў зьнішчыць у турме каля 700 лістоў і выбачаецца перад іх аўтарамі за маўчаньне.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Пасьля атрыманьня адказу з Вярхоўнага суду, што скарга адвакатаў Андрэя Саньнікава не задаволеная, ягоныя абаронцы рыхтуюць скаргу ў ААН. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Ірына Халіп.

«Было відавочна пачынаючы з моманту арышту, што будзе абвінаваўчы прысуд, што будуць адхіленыя касацыйная і наглядная скаргі. Таму зараз рыхтуюцца дакумэнты для скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН. Мяркую, ужо на наступным тыдні яна будзе адпраўленая».

Пра мужа Ірыне Халіп вядома, што яго ў калёніі «Віцьба-3» перавялі з памяшканьня камэрнага тыпу ў атрад № 7, зараз ён мае магчымасьць для прагулак на сьвежым паветры і можа бачыцца з іншымі вязьнямі. Ірына Халіп непакоіцца пра здароўе мужа ў сувязі з моцнымі халадамі і з задавальненьнем адзначае, што падчас апошняга спатканьня перадала яму два камплекты тэрмабялізны.

Павал Севярынец
Павал Севярынец
30 градусаў марозу было ўчора раніцай, калі пачынаў працу «хімік» Павал Севярынец, які адбывае пакараньне ў Пружанскім раёне. «На складзе, дзе я працую, ўсё ж цяплей, а яшчэ ў нашай будачцы ёсьць пячурка і мы там можам пагрэцца», — паведаміў Павал Севярынец. А вось ў інтэрнаце, дзе жывуць «хімікі», топяць недастаткова і апошнімі начамі Паўлу даводзіцца спаць апранутым. З апошніх навін палітвязень паведаміў таксама пра новую спробу ўгаварыць яго напісаць прашэньне аб памілаваньні.

«Яшчэ раз мне намякнулі, што можна напісаць прашэньне. Кажуць, вы ж пра Саньнікава чыталі, вы ж разумееце, калі вам ужо надакучыла, то...Я адказаў, што ў мяне нічога на гэты конт не зьмянілася. І адчапіліся. Карацей, размова такая была, але хутчэй за ўсё, як кажуць, паводле абавязку».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Павал Севярынец атрымаў ліст ад Алеся Бяляцкага, які той даслаў у канцы студзеня з Жодзінскага ізалятару. «Я тут ўгрэўся, але хутка мяне адсюль перакінуць, толькі і сам ня ведаю, куды», — напісаў праваабаронца Бяляцкі сустаршыні БХД Севярынцу. На 4 лютага не было зьвестак пра тое, што Алеся Бяляцкага ўжо перавялі з Жодзіна ў іншую калёнію.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч
Марына Адамовіч атрымала ад свайго мужа Мікалая Статкевіча 2 лісты ўжо з Магілёўскай турмы, дзе былы кандыдат на прэзыдэнта пасьпеў адбыць больш за тыдзень у карцэры. «Напісаў, што нават ватоўку на ноч ў карцэры не выдавалі, было вельмі холадна, а зараз, спадзяецца, ўжо будзе лягчэй», — паведаміла Марына Адамовіч. Таксама Мікалай Статкевіч выказаў прабачэньні аўтарам лістоў, на якія ён не здолеў адказаць, бо частку лістоў яму проста забаранілі ўзяць з сабой на этап.

«Вельмі просіць падзякаваць ўсім, хто яму напісаў і выбачаецца, калі не адказаў. У яго было каля 700 лістоў, ён хацеў адправіць іх мне бандэрольлю, каб захавала, але не дазволілі. Давялося зьнішчыць тое, што ня змог узяць з сабой».

Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч
Мікалая Аўтуховіча перавялі з Івацэвіцкай калёніі ў Гарадзенскую турму. Жонцы палітвязьня Алене, аднак, пакуль невядома, трымаюць мужа ў адзіночнай камэры ці з іншымі вязьнямі.

«Ён пра гэта не напісаў, як звычайна, пра такое ён не піша. Паведаміў, што ўсё ў яго нармальна, здароўе нармальна. З патрэбаў напісаў толькі, каб даслала капэртаў, бо ў яго няма».

Як і Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча прысудзілі да адбыцьця тэрміну ў турме нібыта за парушэньні парадку ў калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG