Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзецям дастаткова ведаць на дзяржаўнай мове 62 словы?


Новая праграма навучаньня мове ў садках Татарстану пачынае працаваць ужо сёньня. Аднак, што гэта за неабходныя 62 словы, выхавацелям не сказалі.

У Татарстане, дзе моўная сытуацыя нагадвае беларускую, заяўлена пра новы падыход да навучаньня мове. Мэтодыка прадугледжвае вывучэньне абедзьвюх дзяржаўных моваў, але ў рэальнасьці расейская, якая дамінуе ў грамадзтве, у дадатковай падтрымцы патрэбы ня мае.

Пастаноўлена, што дзеці 4-5 гадоў абавязаныя ведаць 62 словы па-татарску і па-расейску. Ужо ў 4 клясе школы іх слоўнікавы запас павінен складаць 1167 словаў. Лічбы тлумачаць заходнім вопытам: распрацоўшчыкі, маўляў, базаваліся на сусьветных мэтодыках выкладаньня моваў.

«Мы пакуль ня ведаем, што гэта за словы, —­ расказвае дырэктар татара-башкірскай службы Радыё Свабода Рым Гільфанаў. —­ Прэм’ер-міністар заявіў толькі, што гэты сьпіс быў вызначаны з улікам меркаваньня міжнародных досьледаў філёлягаў. Мы спрабуем атрымаць гэты сьпіс. Але цікава, што нарада з гэтай нагоды прайшла 31 студзеня, а праграму вырашылі рэалізоўваць ужо зь лютага. Сёньня 1 лютага — мы тэлефанавалі ў розныя дзіцячыя садкі Татарстану — ніхто пра гэта нічога ня чуў.»

Рым Гільфанаў
Рым Гільфанаў
Асноўная мэта навацыяў — зацікавіць дзяцей. Таму праграма прадугледжвае стварэньне сучасных мультымэдыйных дапаможнікаў: адукацыйных мультфільмаў, дыскаў з казкамі і песьнямі, адмысловых перадач. У сувязі з гэтым заяўлена пра пляны забесьпячэньня садкоў праектарамі, ноўтбукамі, экранамі.

«Калі мы спусьцімся на зямлю, то дзіцячыя садкі ня толькі не забясьпечаныя сучасным абсталяваньнем, яны нават ня могуць вырашыць пытаньня з харчаваньнем дзяцей, — гаворыць Рым Гільфанаў. — Ёсьць падставы меркаваць, што ўрад перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі, калі татары таксама стараюцца ўзьнімаць свае актуальныя пытаньні, робіць выгляд клопату пра татарскую мову, каб супакоіць больш актыўную частку татарскага насельніцтва, а на самой справе за гэтым, як заўсёды, нічога не стаіць».

Паводле апытаньняў сярод школьнікаў Татарстану, важнасьць валоданьня рускай мовай адзначаюць 93% вучняў-татараў і 98% расейцаў, у той час, як веданьне татарскай лічаць важным 44.3%.

Толькі 3,3% апытаных вучняў мяркуюць, што бяз веданьня татарскай мовы немагчыма прэтэндаваць на прэстыжную працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG