Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На баку Статкевіча і Бяляцкага – усе нямецкія партыі


Зігмар Габрыэль
Зігмар Габрыэль

Старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Зігмар Габрыэль у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што «вельмі занепакоены сытуацыяй вакол прадстаўніка беларускай сацыял-дэмакратыі, экс-кандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Міколы Статкевіча.

Зігмар Габрыэль перакананы, што «нягледзячы на іншыя актуальныя і важныя падзеі ў сьвеце, сытуацыя ў Беларусі ня будзе забытыя ані немцамі, ані эўрапейцамі». Паводле лідэра нямецкіх сацыял-дэмакратаў, гэта «пазыцыя ўсіх партый Нямеччыны».

Лідэр нямецкіх сацыял-дэмакратаў паведаміў, што апошні раз бачыўся зь Міколам Статкевічам увосень 2010, незадоўга да яго арышту.

«З таго часу, – працягвае Зігмар Габрыэль, – у мяне няма магчымасьці падтрымліваць кантакт зь ім напрасткі. Яго дачка, якая жыве ў Нямеччыне, рэгулярна інфармуе нас пра тое, як у яго справы. Яна таксама паведаміла нам, што Мікола ведае пра тое, як шмат людзей у Нямеччыне і Эўропе падтрымліваюць яго ды іншых палітычных зьняволеных. Гэтая падтрымка павінна працягвацца!»

Лідэр нямецкіх сацыял-дэмакратаў адзначыў, што яго вельмі непакояць умовы, у якіх утрымліваецца яго беларускі калега:

«Я вельмі непакоюся за Міколу Статкевіча. Умовы ўтрыманьня ў зьняволеньні ў калёніі ўжо былі вельмі жорсткімі. Некалькі месяцаў таму Статкевіч нават трапіў у лякарню. Таму навіна пра тое, што ўмовы ўтрыманьня палітвязьня будуць яшчэ больш жорсткімі, выклікае ў мяне вялікую трывогу. Наведваньні сваякоў цяпер практычна немагчымыя. Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна адмяніць прысуд».

Адказваючы на пытаньне «Свабоды», як ён ацэньвае міжнародную рэакцыю на цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, ці ня лічыць ён, што яна аслабла, Зігмар Габрыэль адзначыў: «рэакцыя толькі адна – гэта больш ня можа працягвацца».

Габрыэль: «У дзень прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году былі зьбітыя і кінутыя за краты тыя, хто з мужнасьцю і перакананасьцю змагаўся за свабодныя выбары. Цяпер, як паказвае сытуацыя з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, рэпрэсіі супраць апазыцыі ды грамадзянскай супольнасьці працягваюцца.

Міжнародная супольнасьць вельмі адназначна і ясна сказала «гэта ня можа працягвацца». Былі ўведзеныя першыя санкцыі супраць адказных чыноўнікаў, і адначасова пачаты пошук шляхоў падтрымкі грамадзянскай супольнасьці. З таго часу палітычны ціск і дапамога грамадзянскай супольнасьці былі павялічаныя ў некалькі разоў.

Нягледзячы на іншыя актуальныя і важныя падзеі ў сьвеце, я ня бачу, каб сытуацыя ў Беларусі была забытая. Наадварот, Нямеччына ды Эўропа будуць працягваць настойваць на вызваленьні палітычных зьняволеных і захаваньні правоў чалавека. Дарэчы, гэта агульная пазыцыя ўсіх партый Нямеччыны».

Зігмара Габрыэля нямецкія журналісты называюць адным з самых пэрспэктыўных патэнцыйных кандыдатаў на пасаду бундэскацлера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG