У Першамайскім райадзьдзеле міліцыі супраць Сяргея Каваленкі распачалі крымінальную справу за парушэньне рэжыму адбываньня ўмоўнага пакараньня. Віцебскі сябар КХП БНФ пакараны «хатняй хіміяй» за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў пачатку 2010 году.
Сяргея Каваленку затрымалі ўчора, і мінулую ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Сваякам сказалі, што 20 сьнежня а 14-й гадзіне актывіста будуць судзіць. Аднак у суд яго не прывезьлі, распавяла жонка актывіста Алена Каваленка:
«Павезьлі ў Першамайскі РАУС на допыт да сьледчага. Каб распачаць справу па 415-ым артыкуле. Гэта парушэньне рэжыму. Гэты артыкул прадугледжвае да трох год пазбаўленьня волі».
У якіх канкрэтна парушэньнях вінавацяць Сяргея, жонка ня ведае. Калі яго затрымлівалі, то ўвогуле заявілі, што завязуць у інспэкцыю, каб разабрацца зь ягонымі скаргамі ў абласную пракуратуру. Актывіст пісаў пра тое, што сям’ю замучылі начнымі праверкамі і некарэктным абыходжаньнем. Гэта самае пацьвярджае і Алена Каваленка:
«Ціск быў дужа моцны. Штоночы прыходзілі гадзін пад чатыры-пяць міліцыянты, і ў сына ўжо ў школе балела галава».
Штоночы прыходзілі гадзін пад чатыры-пяць міліцыянты, і ў сына ўжо ў школе балела галава.
У сям’і Каваленкаў двое дзяцей, сын —школьнік Валянцін і дачка Вікторыя, якой толькі паўгода. Утрымлівае сям’ю Сяргей, ён працуе прыватным прадпрымальнікам, робіць будаўнічыя працы. 24 лістапада ў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў яго прымушалі пагадзіцца на зьмену рэжыму ўтрыманьня — каб вяртаўся дахаты да паловы на восьмую вечара, а не як раней — да дзевятай. Сяргей не пагадзіўся, бо не хацеў страціць працу — многія кліенты замаўляюць ягоныя паслугі менавіта на вечаровы час.
На думку Алены Каваленкі, гэтая адмова магла стацца падставай для крымінальнай справы супраць Сяргея. Больш дакладна даведацца пра гэта ёй не ўдалося, бо нават паразмаўляць з мужам ёй не дазволілі, адно што — ён мімаходзь сказаў некалькі словаў:
«Ён спытаў пра сына, сказаў, каб мы не турбаваліся — што ўсё будзе добра. І сказаў, што распачаў галадоўку і будзе яе працягваць».
Галадоўку Сяргей Каваленка распачаў, бо лічыць несправядлівымі сваё затрыманьне і абвінавачаньне ў парушэньні рэжыму. Дахаты яго пакуль не адпусьцяць: як стала вядома спадарыні Алене, затрымалі Сяргея Каваленку на трое сутак.