Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звычайная зброя: ЗША Беларусі пакажуць, а Расеі — не


ЗША абвясьцілі, што не дапусьцяць расейскіх інспэктараў на свае базы няядзернай зброі ў Эўропе і ня будуць больш абменьвацца дадзенымі пра іх з Расеяй. Гэты крок Вашынгтону зроблены пасьля некалькіх гадоў няўдалых спроб рэанімаваць дамову аб узбраеньнях пачатку 90-х. Разам з тым, Беларусь застаецца ў гэтай сфэры партнэрам як ЗША, так і Расеі.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Вікторыя Нуланд, якая раней узначальвала місію на перамовах з Расеяй па гэтым пытаньні, абвясьціла сёньня, што Вашынгтон больш ня будзе выконваць свае абавязаньні адносна Расеі ў рамках Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.

Нуланд спаслалася на ранейшае рашэньне Масквы адмовіцца ад выкананьня дамовы:

«ЗША прынялі рашэньне спыніць выкананьне некаторых абавязаньняў па Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе адносна Расеі. Гэты крок прыняты ў адказ на спыненьне Расеяй рэалізацыі дамовы, што пачалося ў сьнежні 2007 году і прывяло да тупіку ў дачыненьнях з Масквой».

Першы варыянт Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе быў падпісаны ў Парыжы ў 1990 годзе сябрамі НАТО і Варшаўскага блёку. Краіны-ўдзельніцы бралі на сябе абавязкі захоўваць раўнавагу запасаў няядзернай або звычайнай зброі, якая можа выкарыстоўвацца для буйнамаштабных наступальных апэрацый. Пасьля распаду СССР і Варшаўскага блёку дамова абнаўлялася далейшымі тэхнічнымі пагадненьнямі. Так, у 1992 г. Ташкенцкім пагадненьнем разьмяркоўваліся абвязкі былога СССР паміж новымі краінамі-ўдзельніцамі (разам з Расеяй краінамі-спадкаемцамі сталі Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Казахстан, Малдова і Ўкраіна).

Пасьля таго, як шэраг краін былога Варшаўскага пакту ўступілі ў НАТО, Расея імкнецца перагледзець умовы Дамовы, якія на думку Масквы, у многім састарэлі. Са свайго боку, краіны НАТО адмаўляюцца ратыфікаваць абноўленую дамову 1999 г., падпісаную ў Стамбуле 30 дзяржавамі, настойваючы на тым, што Расея павінна спачатку вывесьці свае войскі з Грузіі і сэпаратысцкага рэгіёну Малдовы Прыднястроўя. У 2007 годзе тагачасны прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні ўдзелу Расеі ў Дамове. Дзеяньне мараторыю, як было абвешчана, працягнецца да таго часу, «пакуль краіны НАТО не ратыфікуюць Дамову аб адаптацыі і не пачнуць добрасумленна выконваць гэты дакумэнт».

Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту, абвяшчаючы пра захады ў адказ, тым ня менш адзначае, што Злучаныя Штаты не адмовіліся ад надзеі на мадэрнізацыю і паўторную рэалізацыю дамовы з Расеяй. Экспэрты, да якіх зьвярнулася Радыё Свабода, лічаць, што апошні крок ЗША будзе мець сымбалічнае ўзьдзеяньне. Бо практычна Вашынгтон будзе працягваць накіроўваць дадзеныя па колькасьці зброі іншым дзяржавам, якія падпісалі дамову, такім як Беларусь, якая ў сваю чаргу магла б перадаваць інфармацыю ў Маскву.

Вось меркаваньне Стывэна Пайфэра, былога пасла ЗША на Ўкраіне, экспэрта ў кантролі над зброяй на прасторах былога СССР:

«Я думаю, гэта ў асноўным сымбалічны жэст. Вядома, ёсьць іншыя краіны, якія могуць атрымаць інфармацыю, і яны могуць вырашыць падзяліцца ёй з Расеяй. Шчыра кажучы, Расея з улікам яе вагі мае даволі добрыя магчымасьці здабыць гэтую інфармацыю ў любым выпадку. Такім чынам, ці будзе гэтае рашэньне Вашынгтону насамрэч мець велізарны ўплыў на Маскву? Напэўна, не. Але я думаю, яго мэтай было паслаць сыгнал».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Wider Europe» дацэнт Вячаслаў Пазьняк таксама мяркуе, што амэрыканскія захады ня будуць мець моцнага ўзьдзеяньня на Крэмль. Па-першае, інфармацыя, якую ЗША легітымна мусяць перадаваць Беларусі як удзельніку дамовы, будзе «перацякаць» у Маскву. А па-другое, сучасныя спосабы выведкі дазваляюць атрымліваць зьвесткі і іншымі шляхамі:

«Зыходзячы з таго, што стасункі і дамоўленасьці паміж Менскам і Масквой у вонкавай і вайсковай галінах вельмі цесныя і канфідэнцыйныя, тут ня можа быць ніякага сумневу — інфармацыя, якая паступае ці то ў Расею, ці то ў Беларусь, аналізуецца і перадаецца з адной сталіцы ў другую і наадварот. І такі абмен інфармацыяй ідзе рэгулярна.

Да таго ж Масква мае магчымасьць праз касьмічную сыстэму назіраньня, праз сыстэму радыёэлектроннай выведкі і празь іншыя крыніцы адсочваць дынаміку зьменаў са зброяй, як у Эўропе, так і ў іншых частках сьвету».

Вячаслаў Пазьняк выказвае таксама сваё меркаваньне, чаму сыгнал з Вашынгтону прагучаў менавіта цяпер:

«Выглядае, што адбываецца нейкі пачатак новага супрацьстаяньня амбіцый Масквы і астатняга сьвету, які найперш увасабляецца ў ЗША. Гэтае супрацьстаяньне, гэтыя супрацьлегласьці, супярэчаньні якраз і адлюстроўваюцца ў такой канкрэтыцы, як будучыня эўрапейскай архітэктуры бясьпекі.

Масква вельмі непакоіцца наконт сыстэмы супрацьракетнай абароны, разьмяшчэньня яе элемэнтаў вакол сваіх межаў. І гэтыя праблемы сыстэмна ўзаемазьвязаныя з праблемамі звычайных узброеных сілаў у Эўропе. І таму, па вялікім рахунку, нельга абмяркоўваць пытаньні Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Эўропе ў адрыве ад іншых сыстэмных фактараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG