Тыповы шматкватэрны стакгольмскі дом, на першы погляд, ненашмат навейшы за той, дзе на пачатку мінулага стагодзьдзя жыў Аўгуст Стрындбэрг - ужо ведаючы, што тут, на Дротнінггатан, 85, будзе музэй, але, наўрад ці здагадваючыся, што некалі за ягонымі вокнамі проста пад нагамі ў мінакоў будуць прарастаць скрозь брук жалезныя літары цытатаў з напісаных ім кніг: кахаць значыць даваць; разумны пацук мусіць мець шмат дзірак; маё вогнішча самае вялікае ў Швэцыі etc.
Чыё вогнішча самае вялікае ў Швэцыі сёньня?
Здаецца, адказ табе вядомы. Але апошняе слова застаецца за швэдамі. Магчыма, яны пагодзяцца з Швэдзкай акадэміяй.
Пэўныя падставы думаць менавіта так ты атрымліваеш, набраўшы код і апынуўшыся ў прасторным вэстыбюлі першага паверха дому нумар 32А на Стыгбэргсгатан.
Швэдзкія чысьціня й парадак. Вітыя сходы з высьлізганымі драўлянымі парэнчамі. Старамодны ліфт зь сетачкай і зашклёнымі дзьвярыма, што адчыняюцца й зачыняюцца ўручную. І ўсё ж дом ня самы тыповы: унізе пры сьценах – кніжныя шафы і паліцы з сотнямі рознакалібэрных тамоў. Прычым, тут не адно дэтэктывы й дамскія раманы, да якіх гаспадары вырашылі больш не вяртацца. Вось Стрындбэрг, побач зь ім чамусьці ўладкаваліся “Дваццаць лістоў да сябра” Сьвятланы Алілуевай.
Кніжак сёлетняга літаратурнага набэліста Тумаса Транстрэмэра заўважыць не пасьпяваеш. Цалкам верагодна, што жыхары разабралі іх, каб атрымаць аўтограф. Гэта ня надта складана, бо ляўрэат жыве на пятым паверсе, куды цябе, прытульна парыпваючы, ўжо вязе нясьпешны ліфт.
Поруч з табой у кабінцы -- перакладчыца Лана Вілебранд, якую ў менскім дзяцінстве клікалі Сьвятланай, і ўжо легендарная ў нашых шыротах Марыя Сёдэрбэрг, журналістка, фотамастачка і perpetuum mobile безьлічы праектаў, сярод якіх адным з апошніх сталася выданьне важкага тому анталёгіі беларускай літаратуры па-швэдзку.
На парозе вам усьміхаецца Моніка, жонка паэта, якая пасьля мужавага інсульту зрабілася яшчэ й перакладчыцаю ягонага маўчаньня, ягоных позіркаў і жэстаў на швэдзкую й ангельскую мовы. Дзякуючы пяцідзесяці тром пражытым разам гадам памылкі перакладу выключаныя.
Адразу зьвяртаеш увагу на вочы Монікі й Тумаса. Якога яны колеру? Адказаць няпроста, але гэта ня так істотна. Яны – неверагодна маладыя і прамяністыя.
Насустрач тваёй правай руцэ гаспадар працягвае левую. Яна жывая і цёплая, а яшчэ -- якое слова будзе тут найбольш дакладным? – надзвычай артыстычная.
Як сказаў бы калега Іосіф Бродзкі, спадар Тумас грае на некалькіх фартэпіянах. Ён – прафэсійны піяніст і пасьля інсульту навучыў левую руку ня толькі пісаць, але і не адчуваць сябе бездапаможнай на клявішах. Некалькі кампазытараў адмыслова пішуць для Транстрэмэра музыку.
Пакой, дзе вы гутарыце, у адпаведнасьці з швэдзкай традыцыяй – каб было сьвятлей -- мае белыя сьцены, якія пашыраюцца карцінамі. Застаецца ўражаньне, што на іх – нічога, апрача мора й скалаў. Відаць, гэта невыпадкова: продкі паэта былі маракамі.
На стале чакае пляшка чырвонага гішпанскага віна, побач зь якой уладкоўваюцца падараваныя вамі кнігі: ужо згаданая анталёгія, а таксама нядаўна перакладзеныя “Плошча” Барыса Пятровіча і “Вольныя вершы” Андрэя Хадановіча. Неўзабаве Транстрэмэр зможа прачытаць па-швэдзку і прозу Ўладзімера Някляева, а пакуль углядаецца ў нязвыклую кірыліцу някляеўскага “Цэнтру Эўропы”.
Паэт ведае, што ў Беларусі ёсьць “чорныя” сьпісы літаратараў. Ведае, што беларускіх паэтаў кідаюць за краты. Уяўляю, што такое турма, кажа ён: працаваў доктарам - псыхолягам для непаўналетніх злачынцаў. Ты не хаваеш сумневу, што знаёмства з швэдзкай турмой - каб ўявіць беларускую – яўна недастаткова. Да прыкладу, твой знаёмы палітвязень-гісторык аднойчы вярнуўся з шпацыру ў камэру з зламаным носам. А іншы знаёмы на турэмным спатканьні з жонкай расказаў, як яго садзілі на ланцуг.
Паэт скрушліва ўсьміхаецца. Душу нельга зьняволіць, але чалавек павінен жыць у дарагіх яму сьценах.
Пасьля кароткага одуму Тумасавы вочы цяплеюць. Ён робіць Моніцы знак, і сярод келіхаў зьяўляецца крыху наіўны і надзіва ўтульны макет блакітнага дому.
Перад вамі, кажа гаспадар вуснамі перакладчыцы свайго нобэлеўскага маўчаньня, самае дарагое і важнае для іх дваіх месца на зямлі. Сто зь лішнім гадоў таму дом збудаваў на высьпе Рунмаро ягоны дзед па кудзелі, вядомы ў тых мясьцінах лёцман. Да гэтай паважанай прафэсіі належалі й іншыя родзічы. Ты кажаш, што Транстрэмэр працягвае іхнюю справу. Яму падабаецца.
Табе прыемна паведаміць гаспадару, што ягоныя вершы загаварылі па-беларуску задоўга да нядаўняй пастановы Нобэлеўскага камітэту. Нашы чытачы яшчэ ў мінулым стагодзьдзі маглі пераканацца ў тым, што Транстрэмэравы “ляканічныя паўпразрыстыя вобразы” сапраўды “даюць нам абноўлены погляд на рэальнасьць”.
Тумас паўтарае сам сабе цяжкае прозьвішча перакладчыка – Бар-шчэў-скі.
Ты кажаш, што даўно ўжо лічыш многія вэрдыкты Швэдзкай Акадэміі, далікатна кажучы, небездакорнымі. Сёлетняе – выключэньне. Нягледзячы на тое, што ляўрэат – швэд.
У Тумаса ёсьць пачуцьцё гумару.
Вы, спадар Транстрэмэр, гаворыш ты, не каштавалі жыцьця ў несвабоднай краіне, дзе непазьбежна існуе праблема стасункаў мастака і ўлады, якая хоча гэтага мастака прыручыць, загнаць у андэграўнд, зачыніць на турэмныя замкі. Але з вышыні свайго жыцьцёвага й літаратурнага досьведу вы маеце поўнае права перадаць беларускім калегам калі не параду, дык, прынамсі, колькі мудрых вечаровых слоў.
Транстрэмэр усяго на імгненьне задумваецца, і разам з Монікай адказвае.
У 1970-м яны пасьля шматлікіх перашкодаў атрымалі дазвол наведаць Рыгу. Жылі, як выглядае, у тым самым гатэлі “Рыга”, пра які ў падсавецкай Латвіі расказвалі, што ён збудаваны на 80 адсоткаў з бэтону, на 15 – з шкла і на 5 – зь мікрафонаў. Вярнуўшыся, Тумас напісаў латыскім сябрам ліст, які ішоў у Рыгу некалькі месяцаў. Так нарадзіўся верш “Сябрам па той бок мяжы”. У прынесеным томе выбранай паэзіі і прозы Моніка адзначае яго закладкай.
Сябрам па той бок мяжы
І
Я напісаў вам скупыя словы. А тыя, што ня змог сказаць,
разьдзьмуваліся й разьдзьмуваліся, як мангальф’еры,
каб узьняцца ў начное неба.
ІІ
Зараз мой ліст на стале ў цэнзара.У цьмяным мігценьні ягонае лямпы
мае словы скачуць, як малпы за кратаванкай,
калоцяць яе, тады заміраюць, ашчэрыўшы зубы!
ІІІ
Чытайце між радкамі. Ведаю: сустрэнемся праз 200 гадоў,
калі мікрафоны ў сьценах гатэляў будуць забытыя
і нарэшце спакойна заснуць ракавінкамі ў вапняку.
(Пераклад Ланы Вілебранд)
Тумас кранае вуснамі келіх з чырвоным і, адставіўшы яго, бярэ асадку. Шаснаццаць літар імя і прозьвішча – сёньня яно побач з імёнамі Эмануэля Свэдэнборга, Аўгуста Стрындбэрга ды Інгмара Бэргмана сымбалізуе швэдзкае сьветабачаньне й сьветаўяўленьне -- паэт выводзіць больш за хвіліну. Кожная літарка ня пішацца, а малюецца дрыготкай левай рукою, як герогліф, і нібыта трымціць пад ветрам Вечнасьці
Маё сэрца з вамі, кажа Транстромэр на адвітаньне.
Ты пераходзіш на ягоную мову. Беларускае маўчаньне таксама бывае шматзначным. Як некалі ў Васіля Быкава.
... Слухаеш свае крокі па начным стакгольмскім бруку, і раптам да цябе даносіцца водгульле крокаў незнаёмага швэдзкага пісьменьніка, што апоўначы вяртаецца ў гатэль па менскай брукаванцы пасьля сустрэчы зь беларускім набэлістам.