Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэўская унія паэтаў


Янка Брыль у адным са сваіх абразкоў прыгадваў, як пісьменьнікі пачалі забывацца на пасьляваенную нішчымніцу найперш у творчых камандзіроўках: “Прыяжджаеш у вёску – калгас рэжа бычка”. Добра, што Саюз пісьменьнікаў быў тады нешматлікі, а то дзе ж было набрацца на ўсіх тых бычкоў.

Змушана-гасьцінныя савецкія калгасы ўспомніліся мне, калі глядзеў па БТ рэпартаж з “Бабушкиной крынки”, па цэхах якой у белых шапачках дыфіляваў цэлы атрад літаратараў з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў. Па іх даволі посных тварах было відно, што пачаставалі іх там у лепшым выпадку трохадсоткавым кефірам.

“А чаго, чаго захацелась ім?” – задамося мы памятным яшчэ са школы пытаньнем. Клясык ведаў адказ на яго, а я – не. Аніяк я не дапетру, што рабілі тры-чатыры дзясяткі пісьменьнікаў адначасова на тым самым малочным прадпрыемстве? Яны што, задумалі згарбузаваць калектыўны твор пра айчынных масларобаў? Ці кожны будзе працаваць у сваім жанры? Паэма – пра сыр, санэт – пра сьмятану, раман – пра захоп расейскага рынку “Бабушкиной крынкой”…

Цэлы тыдзень мы мелі шчасьце назіраць за перасоўваньнем пісьменьніцкай брыгады па Беларусі. Штовечар на тэлеэкране ўзьнікаў Мікалай Чаргінец і зь веданьнем справы, па-брыгадзірску дзякаваў вышэйшаму начальству за своечасовы падвоз, увагу і клопат. З ягоных тэлепрызнаньняў грамадзкасьць даведалася, што ўся беларуская літаратура – местачковая, што апошнія дваццаць гадоў беларускія пісьменьнікі праспалі, з чытачамі не сустракаліся і толькі цяпер, атрымаўшы штурхаля ад улады, урэшце абудзіліся.

Як тут не парадавацца за калегаў, якім самы раз у сваіх вандроўках сьпяваць хорам на ўвесь аўтобус: “Адвеку мы спалі, ды нас абудзілі…”. Але адкуль такая мэсіянская самаўпэўненасьць у старшыні прыўладнага СПБ? Па-першае, адзін вырай, як вядома, вясны ня робіць. Па-другое, местачковасьцю акурат патыхае са старонак “ЛіМу” і “Полымя”, якіх саматужнае рэдагаваньне і пільнае цэнзураваньне давялі, як кажуць у народзе, да ручкі. І па-трэцяе, пакуль нехта спаў летаргічным сном, літаратурнае жыцьцё не спынялася – адбываліся сотні аўтарскіх сустрэчаў з чытачамі, ажыцьцяўляліся новыя праекты, прэзэнтаваліся выданьні – і ў сталіцы, і ў абласных цэнтрах, і ў гэтак нелюбімых Мікалаем Чаргінцом мястэчках.

Прыўладны саюз і не варухнуўся – відаць, спаў. Дык ці не пара ягоную абрэвіятуру СПБ расшыфроўваць адпаведна: Сонныя пісьменьнікі Беларусі.

Прывяду толькі пару-тройку прыкладаў. Без усялякай дзяржаўнай падтрымкі ў сьвет выйшлі ўжо 54 нумары часопісу “Дзеяслоў”, рэдагаванага Барысам Пятровічам. А пры часопісе даволі рэгулярна выходзіць бібліятэчка прозы і паэзіі, штогод уручаецца часопісная прэмія “Залаты апостраф”. Ня ўпэўнены, ці патрапілі “дзеяслоўцы” на “Бабушкину крынку”, але дакладна ведаю – няма ў Беларусі ВНУ, са студэнтамі якой яны не сустрэліся і не пагаварылі пра нашу сучасную літаратуру. А колькі паездак па Беларусі за апошнія гады зьдзейсьніў паэтычна-песенны дуэт Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна? Перакананы – такія шматлікія аўдыторыі і ня сьніліся Мікалаю Чаргінцу ды яго падапечным. А вазьміце 100-гадовыя юбілеі – леташні Ларысы Геніюш і сёлетні Чэслава Мілаша: зборы твораў, аўдыё- і відэадыскі, выставы і вечарыны. Хто ўсё гэта зрабіў? Прыўладны саюз і не варухнуўся – відаць, спаў. Дык ці не пара ягоную абрэвіятуру СПБ расшыфроўваць адпаведна: Сонныя пісьменьнікі Беларусі.

А тыя творцы, якія па натуры сваёй ня здольныя ўпадаць у сьпячку, працягваюць рабіць сваю справу. Вось і нядаўна ў старажытным Крэве прайшоў фэстываль “Літаратурныя дажынкі”. У крэўскай бітком набітай кавярні, што ў нейкай сотні мэтраў ад славутага замку, усе паэты і музыкі насамрэч пачуваліся крэўнікамі. Распагоджваў пахмурны дзень ясначолы і ўсьмешлівы Алесь Камоцкі. Не даваў ні на сэкунду расслабіцца сур’ёзны і надзіва хуткамоўны Віталь Рыжкоў, чыя паэзія нагадвае амэрыканскія горкі – калі слухаеш, таксама дых займае. Самазабыўна гусьлярыў Зьміцер Вайцюшкевіч, чыя неўтаймоўная энэргетыка відавочна патрабавала разоў у дзесяць большага памяшканьня. Алесь Зайцаў з “Босага сонца” ўразіў усіх, прасьпяваўшы – з тэмпэрамэнтам Міка Джагера – паэму Анатоля Сыса “Аляіза”. Валерыя Кустава як зьдзівіла ўсіх сваімі вундэркіндаўскімі вершамі, напісанымі ў дзевяцігадовым узросьце, так і па сёньня працягвае зьдзіўляць – і як паэтка, і як арганізатарка, з якой ідэі проста фантануюць. Андрэй Мельнікаў звыкла падводзіў філязофскую базу пад свае песенныя экзэгезы.

Па незалежных ад яго прычынах трохі збоку трымаўся Ўладзімер Някляеў – ён чытаў вершы на Юравай гары, дзе тым жа днём быў пасаджаны Дуб паэзіі. Дарэчы, калі садзілі той дуб, выкапалі снарадную гільзу часоў Першай сусьветнай вайны. Іван Магер, стрыечны брат паэта, калі мы спускаліся да някляеўскага падворка, патлумачыў мне, што Юрава гара проста нашпігавана ваенным мэталам – тут доўга стаяў фронт. Цяпер я разумею, адкуль выбуховая сіла ў вершах Някляева – ад роднае зямлі.

Пасаджаны паэтамі дуб будзе расьці і ўзвышацца “па-над Юравай гарой, па-над Магеравым полем”. Ці стане ён дрэвам-сымбалем, дрэвам-мітам – пакуль варажыць зарана. Крэўскі замак і той не вытрымлівае рандэву зь вечнасьцю – паступова ператвараецца ў крушню. Слова мацнейшае за камень. І магчыма, усе наступныя літаратурныя зажынкі, дажынкі і дакопкі, якія адбывацьмуцца ў Крэве пад тым дубам, упішуцца ў гісторыю беларускай літаратуры як новая Крэўская унія – унія паэтаў.

Удзельнікі “Літаратурных дажынак” каля пасаджанага Дуба паэзіі
Удзельнікі “Літаратурных дажынак” каля пасаджанага Дуба паэзіі


Валерыя Кустава – вядоўца і выступоўца
Валерыя Кустава – вядоўца і выступоўца


Андрэй Мельнікаў
Андрэй Мельнікаў


Алесь Зайцаў
Алесь Зайцаў


Сярод слухачоў у залі быў заўважаны Генадзь Грушавы
Сярод слухачоў у залі быў заўважаны Генадзь Грушавы


Алесь Камоцкі
Алесь Камоцкі


Уладзімер Някляеў і краязнаўца са Сьветлагорску Віктар Раманцоў
Уладзімер Някляеў і краязнаўца са Сьветлагорску Віктар Раманцоў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG