Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Дэпартуюць грамадзянку Польшчы


Магдалена Каліноўска
Магдалена Каліноўска
Аддзел міграцыі й грамадзянства Кастрычніцкага раёну Магілёва пастанавіў дэпартаваць зь Беларусі грамадзянку Польшчы, супрацоўніцу фонду «Institutum Orientalium» Магдалену Каліноўску. Паводле пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня замежніца парушыла рэжым знаходжаньня ў Беларусі — была зарэгістраваная ў адным месцы, а жыла ў другім.

У Магілёве дзяўчына рыхтавала стажораў для навучаньня ў Польшчы навыкам вядзеньня бізнэсу ў турыстычнай галіне, сельскай гаспадарцы і транспарце.

У аддзел міграцыі дзяўчыну даставілі а палове на 17-ю, а вызвалілі каля 20-й гадзіны.

Магдалена Каліноўска: «Я атрымала штраф за тое, што не перарэгістравалася. 16 лістапада я мушу пакінуць Беларусь. Віза ў мяне сканчаецца ў гэты дзень. На тры гады мне забаронена ўяжджаць у Беларусь. Гэта несправядліва. Я не злачынец. Я ня ведала, што трэба перарэгістроўвацца і ёсьць такі закон. Ёсьць жа два спосабы пакараньня — штраф і дэпартацыя. А мне адразу далі й штраф, і дэпартацыю».

Пячатка ў пашпарце з падкрэсьленым словам «Дэпартацыя».
Пячатка ў пашпарце з падкрэсьленым словам «Дэпартацыя».
У пашпарце Магдалены пазначана, што яна мусіць пакінуць Беларусь да 16 лістапада бяз права ўезду ў Беларусь да 16 лістапада 2014 году.

Начальнік аддзелу па міграцыі і грамадзянстве маёр Пётар Сімончык адмовіўся камэнтаваць сытуацыю з затрыманьнем грамадзянкі Польшчы. Заявіў, што па камэнтары варта зьвярнуцца ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму.

У Магілёве Магдалена Каліноўска знаходзіцца ад жніўня. Прэтэнзій да яе з боку міліцыі да сёньняшняга дня не было. Магілёўскія праваабаронцы будуць абскарджваць рашэньне аддзелу міграцыі й грамадзянства ў вышэйшай інстанцыі.

***

Institutum Orientalium – няўрадавая арганізацыя, якая займаецца разьвіцьцём стасункаў між кранамі Ўсходняй Эўропы, Балканамі і Азіі. Цяпер арганізацыя рэалізуе праект у рамках Праграмы польскай дапамогі беларускім прадпрымальнікам. Плянуецца стварэньне ў Горадні, Берасьці й Магілёве інфармацыйных пунктаў для перадачы мясцовым бізнэсоўцам польскага досьведу ў прадпрымальніцтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG