Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: 10 сутак арышту за хвіліну з партрэтам Саньнікава


У Гомелі судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала апазыцыйнага актывіста Віталя Пратасевіча 10 суткамі арышту за несанкцыянаваны пікет.

Віталя Пратасевіча вядуць на суткі.

Віталь Пратасевіч: «Лічу, што гэта вельмі шмат — безь ніякіх на тое падставаў. Я нікога ні да чога не заклікаў. Выйшаў самастойнай такой маўклівай акцыяй. Па-мойму, трох сутак, якія я адседзеў, было дастаткова».

21 кастрычніка ўвечары на прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Леніна» спадар Пратасевіч дастаў партрэт палітзьняволенага, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Пастаяў зь ім хвіліну ці дзьве. Ніякіх лёзунгаў, ніякія заяў Віталь не агучваў. Да яго падышлі спачатку людзі ў цывільным, а пасьля спэцназаўцы — і забралі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі.

На падставе рапартаў намесьніка камандзіра ўзводу палка міліцыі спэцпрызначэньня Цырульніка й шараговага міліцыянта Шапавалава ў Цэнтральным РАУСе склалі ў дачыненьні да Пратасевіча адміністрацыйны пратакол пра парушэньне артыкула 23.34 — Пратасевіч сваімі дзеяньнямі «публічна выказваў грамадзка-палітычныя інтарэсы», пра якія пісалася на сайце «Хартыя’97» ды некаторых іншых інтэрнэт-рэсурсах.

На судзе Віталь заявіў, што ні да сайту «Хартыя’97», ні да іншых інтэрнэт-рэсурсаў ніякага дачыненьня ня мае. Стаяў ён з партрэтам Саньнікава таму, што лічыць яго ды іншых палітнявольнікаў незаконна асуджанымі.

Пратасевіч: «Я лічу, што людзі сядзяць незаконна, ні за што. Іх хоць неяк трэба падтрымліваць — хаця б такімі маўклівымі акцыямі».
Віталя Пратасевіча вядуць у суд.

21 кастрычніка ў сквэр Кірылы Тураўскага , што побач з плошчай Леніна, выходзілі трое гамельчукоў. Міліцыя й спэцназ не дазвалялі ім разгарнуць плякаты з партрэтамі беларускіх палітзьняволеных. Папярэджвалі, што як яны гэта зробяць — іх затрымаюць.

Ільля Міронаў і Зьміцер Карашкоў пакінулі сквэр, а Віталь Пратасевіч перайшоў да драмтэатру, дзе прыпынак грамадзкага транспарту, і разгарнуў партрэт Саньнікава.

Зьміцер Карашкоў
Карашкоў: «Апрача міліцыянтаў, нікога не было, і мы вырашылі, што сэнсу ў правядзеньні акцыі няма. А Віталь сказаў, што пойдзе й разгорне плякат. Кожны чалавек вырашае сам за сябе — ён вырашыў так. Гэта яго права, ягоны выбар».

Васіль Такарэнка, які нядаўна быў пакараны штрафам за Народны сход і якога судзьдзя выдаліла з залі за тое, што ён перапытваў прозьвішчы спэцназаўцаў, так пракамэнтаваў вырак:

Васіль Такарэнка
«Калі ўжо моўчкі нельга зьвярнуць увагу на беззаконьне ў Рэспубліцы Беларусь, то, пэўна, трэба ўжо думаць пра рэальныя мітынгі й рэальныя пікеты, каб гэтая ўлада бачыла, што яна антынародная і што яна мусіць падпарадкоўвацца меркаваньням народу. Сілавыя структуры могуць складаць любыя пратаколы, яны ж выступаюць сьведкамі ў судзе. Безабароннасьць сярэднестатыстычнага жыхара Гомеля відавочная».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG