Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Флэш-мобы прыраўноўваюць да пікетаваньня


Зала пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў.
Зала пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў.
Серада — традыцыйны дзень маўклівай акцыі пратэсту. Аднак пасьля апошніх няўдалых спробаў арганізатары «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» гэтым разам не заклікалі людзей на плошчу. А тым часам Палата прадстаўнікоў пасьпешліва і без агалошваньня прыняла папраўкі ў заканадаўства, якія скіраваныя якраз супраць масавых акцыяў пратэсту.

Арганізатары маўклівых акцыяў пратэсту не заклікаюць праз інтэрнэт выходзіць на плошчы і вуліцы, як гэта яны рабілі дагэтуль. Рубрыка «Плянаваньне і правядзеньне далейшых акцыяў» не дае ніякай новай інфармацыі. Маўчыць і мабільны тэлефон галоўнага арганізатара такіх мерапрыемстваў Вячаслава Дзіянава.

Аднак гэта не азначае, што маўклівыя акцыі наагул спыняцца, лічыць сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

«Справа ў тым, што, каб эфэктыўна праводзіць акцыі, трэба працаваць, думаць і мець адпаведны досьвед. І паколькі гэта была народная ініцыятыва, то не хапала ні досьведу, ні разуменьня сытуацыі. Я думаю, што так ці інакш такія спантанныя акцыі будуць працягвацца. Можа быць, у іх будзе іншая форма. Можа, іх нават будуць арганізоўваць іншыя людзі.
Калі ўлада, якая прэтэндуе на адлюстраваньне інтарэсаў народу, баіцца нават арганізаванага бязьдзеяньня народу, то гэтай уладзе няшмат засталося

Але ж праблема ня ў тым, што нехта там прыдумаў правесьці акцыю, і таму яна была праведзеная. А ў тым, што грамадзтва вельмі незадаволенае. І тут трэба зразумець, што калі ўлада, якая прэтэндуе на адлюстраваньне інтарэсаў народу, баіцца нават арганізаванага бязьдзеяньня народу, то гэтай уладзе няшмат засталося, хутчэй за ўсё».

Тым часам Палата прадстаўнікоў прыняла адразу ў двух чытаньнях законапраект, скіраваны якраз супраць падобных акцыяў. Паседжаньне, на якім абмяркоўваўся гэты дакумэнт, прайшло без журналістаў. А ініцыявала папраўкі Міністэрства ўнутраных спраў летам, калі па ўсёй Беларусі штотыдзень праводзіліся акцыі маўклівага пратэсту грамадзянаў, ня згодных з палітыкай кіраўніцтва краіны.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз распавёў пра асноўныя зьмены ў дзейны закон. Дэпутаты ўдакладнілі паняцьце «пікетаваньне»:

«Туды аднесеная арганізацыя несанкцыянаваных збораў грамадзян, у тым ліку і з дапамогай сацыяльных сетак інтэрнэту. Дапоўнены таксама артыкул 8 палажэньнем, якое прадугледжвае, што да атрыманьня дазволу на правядзеньне масавых мерапрыемстваў яго арганізатар ня мае права аб’яўляць, у тым ліку і праз глябальную сетку інтэрнэт, пра дату, месца і час яго правядзеньня. Унясеньне такіх зьмяненьняў у гэтыя артыкулы дазволіць аднесьці рознага кшталту флэш-мобы і падобныя акцыі да пікетаваньня».

Спачатку да пікетаваньня хацелі прыраўняць нават бязьдзеяньне падчас акцыяў. Таму я спытаў спадара Глаза, якой будзе рэакцыя ўладаў, калі ўдзельнікі маўклівай акцыі будуць бязьдзейнічаць? Анатоль Глаз адказаў, што дэпутаты замянілі словы «дзеяньне альбо бязьдзеяньне» на слова «деяния». А вырашаць, ці трапляе бязьдзеяньне пад паняцьце «деяния», будуць юрысты, дадаў дэпутат.

«А ў чым розьніца паміж расейскімі словамі «действие» и «деяние», і як яны перакладаюцца на беларускую мову? Мовазнаўца Зьміцер Саўка кажа, што перакладаюцца яны аднолькава: «дзеяньне»:
Гэта называецца моўнай эквілібрыстыкай. Яны напісалі „деяние“ і гэтым, на іх думку, як бы завуявалі трошкі — за словамі схавалі сэнс.

«Гэта называецца моўнай эквілібрыстыкай. Яны напісалі „деяние“ і гэтым, на іх думку, як бы завуявалі трошкі — за словамі схавалі сэнс. Гэтаксама слова „затрыманьне“ гучыць трошкі мякчэй за слова „арышт“. Арышт — слова грубае, канкрэтнае. Арыштоўвала ахранка добрых камуністаў Леніна і Сталіна. Таму калі кажам, што міліцыя арыштавала, то атрымліваецца, што яна робіць, як ахранка. А калі кажуць міліцыя затрымала, то гэта нібыта мяккае дзеяньне, за лакаток. Гэта — звыклая эквілібрыстыка, больш нічога».

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла кажа, што галоўнае ў папраўках тое, што акцыі пратэсту прыраўнялі да пікетаваньня. А гэта азначае, што на іх правядзеньне трэба атрымліваць дазвол уладаў:

«Адным словам, зроблена ўсё так, каб пра ніякія масавыя акцыі ўжо нельга было і ўспамінаць. І каб пра іх забыцца. Гэта проста драконаўскі закон, які цалкам пазбаўляе нашых грамадзянаў права на свабоду мірных акцый і сходаў».

Наступны этап прыняцьця паправак і зьменаў у закон — зацьвярджэньне іх у Савеце рэспублікі. Яго найбліжэйшае паседжаньне заплянаванае на 21 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG