Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанцы абвешчана папярэджаньне


Наста Палажанка
Наста Палажанка
3 кастрычніка лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і намесьніца старшыні "Маладога фронту" Наста Палажанка былі выкліканыя ў пастарункі. Абодвум асуджаным за падзеі 19 сьнежня 2010 года вынесены апошнія папярэджаньні за парушэньне рэжыму.

Выклікалі ў панядзелак у пастарунак Насту Палажанку, якая асуджаная на 1 год умоўна. За 2 апошнія месяцы яна двойчы адбывала адміністрацыйныя арышты тэрмінам 10 і 11 сутак. Насту таксама папярэдзілі апошні раз, распавёў яе бацька Ўладзімер Палажанка:

"Яе запрасілі ў Першамайскае РУУС, дзе Наста стаіць на ўліку. Я спадзяваўся, што іх выклікаюць для таго, каб зьняць усялякія абвінавачваньні. Аднак яна мне сказала, што ёй вынесьлі апошняе папярэджаньне за актыўную дзейнасьць".

Юрыст Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла, узгадаўшы апошнюю хвалю памілаваньняў, кажа, што цяжка шукаць лёгіку ў дзеяньнях беларускіх уладаў:


Гары Паганяйла

"Разумееце, гэта палітычная кан'юнктура, і ў дадзеным выпадку будзе дзейнічаць не закон, а менавіта палітычная мэтазгоднасьць. Дадуць каманду "упакаваць" – "упакуюць". Прадбачыць нейкім чынам паводзіны ўладаў у гэтай сытуацыі проста немагчыма".

Уладзімер Някляеў а 12-й гадзіне зьявіўся ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Ленінскага РУУС Менску. Ён павінен быў даваць тлумачэньні, чаму без дазволу пакінуў краіну і з 27 па 30 верасьня знаходзіўся ў Варшаве. Падчас яго адсутнасьці да яго ў хату кожны дзень прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і бралі тлумачэньні ў жонкі Вольгі і суседзяў:


Уладзімер Някляеў

"Маё тлумачэньне было кароткім -- я напісаў тое, што увесь час кажу: што я не прызнаю сваёй віны , што я асуджаны незаконна і не зьбіраюся выконваць ролю злачынцы, якую навязвае мне ўлада. Лічу, што я чалавек вольны, вольны ў сваіх дзеяньнях. Таму я з 27 па 30 верасьня быў у Варшаве на саміце "Усходняга партнэрства", куды быў запрошаны арганізатарам саміту – польскім урадам",— заявіў Някляеў.

Капітан міліцыі, які курыруе Някляева, карэктна і ветліва патлумачыў, што гэта апошняе папярэджаньне, і калі Някляеў яшчэ раз парушыць так званы рэжым, адбудзецца суд, і паэт можа апынуцца за кратамі. Бо спадар Някляеў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. Яму нельга перамяшчацца без дазволу. З 20-й гадзіны вечара да 6-й раніцы ён павінен знаходзіцца ў хаце.

У дакумэнце, што атрымаў Някляеў, пазначана: "У адпаведнасьці з артыкулам 181 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, грамадзянін Някляеў папярэджаны пра тое, што калі ён будзе ўхіляцца ад выкананьня накладзеных на яго судом абавязкаў, інспэкцыя па выкананьні пакараньняў можа накіраваць у суд прадстаўленьне аб адмене адтэрміноўкі пакараньня".

Юрыст Беларускага Хэльсінскага камітэту Гары Паганяйла наконт апошняга наступства выказаў такое меркаваньне:

"У прынцыпе, рэальна, канечне! Закон дзейнічае, абмежаваньні па прысуду ўведзеныя, і органы, што кантралююць іх паводзіны, могуць папярэдзіць, а потым напісаць прадстаўленьне ў суд аб прымяненьні рэальнай меры пакараньня па прысуду, вось і ўсё. І такія выпадкі бывалі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG