Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеву абвешчана апошняе папярэджаньне


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў 3 кастрычніка а 12-й гадзіне зьявіўся ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Ленінскага РУУС Менску.

Ён павінен быў даваць тлумачэньні, чаму без дазволу пакінуў краіну і з 27 па 30 верасьня знаходзіўся ў Варшаве. Падчас яго адсутнасьці да яго ў хату кожны дзень прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і бралі тлумачэньні ў жонкі Вольгі і суседзяў.

"Маё тлумачэньне было кароткім -- я напісаў тое, што увесь час кажу: што я не прызнаю сваёй віны , што я асуджаны незаконна і не зьбіраюся выконваць ролю злачынцы, якую навязвае мне ўлада. Лічу, што я чалавек вольны, вольны ў сваіх дзеяньнях. Таму я з 27 па 30 верасьня быў у Варшаве на саміце "Усходняга партнэрства", куды быў запрошаны арганізатарам саміту – польскім урадам", - заявіў Някляеў.

Капітан міліцыі, які курыруе Някляева, карэктна і ветліва патлумачыў, што гэта апошняе папярэджаньне, і калі Някляеў яшчэ раз парушыць так званы рэжым, адбудзецца суд, які можа прыняць рашэньне аб адмене адтэрміноўкі выкананьня пакараньня, і паэт можа апынуцца за кратамі.

Спадар Някляеў у траўні быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады, і яго пастаянна кантралююць. Яму нельга перамяшчацца без дазволу. З 20-й гадзіны вечара да 6-й раніцы ён павінен знаходзіцца ў хаце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG