Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 кастрычніка заплянаваная чарговая акцыя "Стоп-бэнзін"


Аўтамабілісты плянуюць у панядзелак правесьці новую акцыю пратэсту супраць павелічэньня коштаў на паліва.

"Кошты ізноў пачалі расьці, гэтым разам ня так рэзка, па троху, але часта. Нас хочуць падмануць, падымаючы кошт на паліва на 3% кожныя 2-3 тыдні (а можа быць і часьцей) працяглы час. У надзеі, што народ як-небудзь паступова прызвычаіцца да становішча дойнай каровы. Разам з тым, зь цяперашнімі коштамі на паліва мы вымушаны лічыць кожны літар і кілямэтар", - гаворыцца ў звароце арганізатараў акцыі.


Месцы правядзеньня акцыі:

  • Праспэкт Пераможцаў: ад вул. Няміга да вул. Ігнаценкі (за стэлай "Менск - горад-герой")
  • Праспэкт Незалежнасьці: ад плошчы Якуба Коласа да ГУМу.

"Асноўная мэта ўдзельнікаў акцыі - пасьля 19.00 рухацца (...) ў любым кірунку, разварочваючыся ў любым дазволеным ПДР месцы, каб рухацца назад, калі вы ўжо даехалі да Нямігі або вул. Ігнаценкі, альбо да пл. Я. Коласа або ГУМа на пр. Незалежнасьці. Вы можаце проста катацца па праспэкце. Роўна ў 19.10 удзельнікі акцыі зьніжаюць хуткасьць руху да 20-30 км/г і ўключаюць "аварыйку". Тыя, хто ня хоча рухацца далей, спыняюцца, адкрываюць капот і выпраўляюць раптам узьніклую паломку, выставіўшы знак прыпынку ў адпаведнасьці з ПДР", - пішуць арганізатары акцыі.

1 кастрычніка бэнзін падаражэў на 5%.

Цана бэнзіну АІ-92 стала 4820 рублёў, АІ-95 — 5200, дызэльнага паліва — 5100.

Гэтае падвышэньне цэнаў стала восьмым з пачатку году. Апошні раз бэнзін і дызэльнае паліва даражэлі 14 верасьня — у сярэднім на 3% "у мэтах паэтапнага ўраўноўваньня цэнаў на тавары ў межах Мытнага зьвязу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG