Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Саньнікава не выклікаюць лекара


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Другі тыдзень Андрэя Саньнікава вязуць па этапу з Наваполацкай калёніі ў Бабруйскую. Цяпер палітвязень знаходзіцца ў транзытнай камэры Магілёўскай турмы.

Учора яго наведаў адвакат Андрэй Варвашэвіч: "Я яго бачыў, ягоны стан надзвычай прыгнечаны, ён не разумее, для чаго гэты этап, ён лічыць, што гэта не зусім законная сытуацыя. Ён спрабаваў зьвярнуцца да лекара, але лекара на ўчорашні дзень яму не далі. Таму ён кепска сябе адчувае. Абаронай робяцца захады, каб ягоныя правы аднавіць".

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава 20 верасьня накіравалі этапам з Наваполацку ў Бабруйск.

Паводле жонкі палітвязьня Ірыны Халіп, большую частку часу ён знаходзіўся ў транзытнай камэры Віцебскай турмы, і толькі 25 верасьня яго давезьлі да Магілёва.

Толькі ў панядзелак сям'і Андрэя Саннікава ўдалося даведацца, дзе ён знаходзіцца. Родныя і паплечнікі Саньнікава выказваюць неспакой за ягонае жыцьцё і здароўе:

"Мне афіцыйна нічога не паведамляюць. Я ведаю, што майго мужа "прэсуюць", прычым проста так, зь яго не выбіваюць прашэньняў, а ціснуць проста так. Прычым відавочна, што гэта заданьне", — заявіла "Свабодзе" жонка палітвязьня Ірына Халіп.

27 верасьня Ірына зьбіраецца ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, каб высьветліць, што адбываецца з мужам.

Турэмны этап, які Андрэй Саньнікаў цярпіць ужо другі тыдзень, былыя палітвязьні са свайго досьведу характарызуюць як жорсткае выпрабаваньне. Зьняволеныя вымушаныя падоўгу знаходзіцца ў транзытных камэрах у нялюдзкіх умовах, пазбаўленыя нават тых магчымасьцяў атрымліваць перадачы, лісты, прэсу, якія яны маюць у калёніях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG