Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суботу Андрэя Саньнікава абяцалі прывезьці ў бабруйскую калёнію


У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС кажуць, што Андрэя Саньнікава прывязуць у суботу ў бабруйскую калёнію. Зьмітру Бандарэнку ўпершыню дазволілі пазваніць дамоў. Першым словам васьмімесячнага сына Дзьмітрыя Вуса стала «тата». Як тлумачыць адсутнасьць зьвестак ад Мікалая Саткевіча ягоная грамадзянская жонка Марына Адамовіч? Адвакат Зьмітра Дашкевіча мяркуе, што ў іншай калёніі яму будзе лепей. Эдуард Лобаў паведаміў бацькам: «Пакуль ад мяне адчапіліся».

У суботу ўвечары могуць прывезьці ў бабруйскую калёнію экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Так жонцы палітыка Ірыне Халіп сказалі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. На размову з Ірынай Халіп спасылаецца маці палітыка Ала Ўладзімераўна Саньнікава:

«Ірына была ў гэтым дэпартамэнце, дык яны сказалі, што экалёгія дрэнная ў гэтым Наваполацку, таму яго ў бабруйскую калёнію пераводзяць. Паклапаціліся нарэшце! І гэта ж трэба з Наваполацку ў Бабруйск 5 дзён везьці! Толькі ў суботу ўвечары там будзе — гэтак сказалі».
Гэта ж трэба з Наваполацку ў Бабруйск 5 дзён везьці!

Пра экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса зьвестак сям’я не атрымлівае амаль 2 тыдні. Жонка Яўгенія згадвае, што былі часы, калі муж званіў з калёніі двойчы на тыдзень, а цяпер няма ані званкоў, ані лістоў. Чым гэта патлумачыць, Яўгенія ня ведае. Кажа, што ня мае магчымасьці нават паведаміць мужу прыемную навіну: іх васьмімесячы сын Міша сказаў першыя словы:

«Я яго навучыла гэтак казаць, калі здымала на відэа: „Тата, прывітаньне!“. Вось ён і кажа ці тата, ці баба. А „мама“ пакуль казаць не навучыла».

Дзьмітрый Вус адбывае свой тэрмін у 5 з паловай гадоў у 19-й магілёўскай калёніі.

Ад вязьня шклоўскай калёніі экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча таксама даўно няма лістоў і званкоў.

Грамадзянская жонка палітыка Марына Адамовіч: «На мой погляд, гэта засталіся самыя-самыя „любімыя“, да якіх асаблівая нянавісьць. Якіх выпускаць трэба, але ня хочацца. Вось і трэба пакуражыцца напасьледак».

23 верасьня Зьміцер Бандарэнка пазваніў дамоў з мэдычнай часткі 15-й магілёўскай калёніі, дзе яго трымаюць пасьля апэрацыі і этапу.
Лепш ня стала, нават кажа, што цяпер з нагой стала горш.

Жонка палітвязьня Вольга: «Упершыню пазваніў. Вывелі яго да тэлефона-аўтамата, бо ў іх у мэдычнай частцы тэлефону няма. Збольшага ўсе нармальна, не наракае. Мае лісты да яго даходзяць, ягоныя да мяне — таксама. Атрымлівае лісты ад іншых людзей, але ці ўсе, што пішуць яму, ня ведаю. Ляжыць па-ранейшаму ў мэдычнай частцы. Робяць яму нейкія працэдуры. Лепш ня стала, нават кажа, што цяпер з нагой стала горш, але казалі ж дактары, што гэта будзе па-рознаму: то горш, то лепш. Можа, стане лепш.»

Адвакат лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча ня ведае, куды з калёніі ў Горках перавядуць яе падабароннага. Яна мяркуе, што перавод Дашкевіча ёсьць пэўнай перамогай вязьня й абароны ў барацьбе за ягоныя правы. Тое, што сваякам і адвакату Зьмітра Дашкевіча не паведамілі, куды з Горак накіруюць Зьмітра, абаронца называе «практыкай, якая супярэчыць міжнародным нормам, але, на жаль, не супярэчыць беларускаму закону». Адвакат мяркуе, што Зьміцер Дашкевіч падчас этапу спыніў галадоўку.

Маці Эдуарда Лобава абвяргае зьвесткі, што на яе сына працягваюць ціснуць у калёніі, каб ён напісаў прашэньне аб памілаваньні. Паводле Марыны Лобавай, пасьля апошняй хвалі вызваленьняў палітвязьняў Эдуарда больш не ўгаворвалі напісаць такую паперу:

«Ён мне званіў на гэтым тыдні. Казаў, што пакінулі яго ў спакоі. Нічога не прапаноўваюць, не чапаюць».

Маладафронтавец Эдуард Лобаў утрымліваецца ў Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы».

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Эдуард Лобаў


Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG