Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя рэпрэсіі 2.0


Такую назву мае артыкул Яўгена Марозава, вядомага экспэрта па інфармацыйных тэхналёгіях, апублікаваны днямі ў The New York Times. Ён распавядае пра тое, як рэпрэсіўныя рэжымы выкарыстоўваюць сучасныя тэхналёгіі для ўмацаваньня сваёй улады, пры гэтым атрымліваюць гэтыя тэхналёгіі ад заходніх кампаній.


Агенты ўсходненямецкай Штазі маглі толькі марыць пра тое складанае электроннае абсталяваньне, якое было знойдзенае лібійскімі паўстанцамі ў офісах спэцслужбаў Кадафі. Смс, электронная пошта, чаты – не было сродку сувязі, які не трапляў пад кантроль эксцэнтрычнага палкоўніка.

І што яшчэ дзіўна – што Кадафі атрымліваў гэтае шпіёнскае абсталяваньне з Францыі, Паўднёвай Афрыкі і іншых краін. Narus, амэрыканская кампанія, зьвязаная з «Боінг», вяла перамовы з прадстаўнікамі Кадафі ўжо тады, калі паўстаньне было ў разгары. Зьдзелка не адбылася, але з ўлікам таго, што раней Narus пастаўляў аналягічнае абсталяваньне ў Эгіпет і Саудаускую Арабію, адмова ад зьдзелкі з Кадафі выглядае больш піярам, чым праявай бізнэс-этыкі.

На фоне ўзьнёслых расповедаў пра тое, як Facebook і Twitter разносілі свабоду па ўсім сьвеце, мы не павінны забываць пра больш сумны досьвед: як заходнія кампаніі, якія заахвочваюцца сваімі ўрадамі да вырабу сродкаў сачэньня для ўнутраных патрэбаў, дапамагалі здушыць гэтую свабоду.

Лібія – апошняе месца, дзе ўжываньне заходніх тэхналёгіяў сачэньня выйшла на паверхню. Змагары за правы чалавека ў Бахрэйне, якія былі арыштаваныя, але потым вызваленыя, распавядалі, што сьледчыя прад'яўлялі ім стэнаграмы іх смс-перапіскі. Перахоп рабіўся пры дапамозе абсталяваньня, набытага ў нямецкай кампаніі Siemens.

Лібія – апошняе месца, дзе ўжываньне заходніх тэхналёгіяў сачэньня выйшла на паверхню

Раней, калі ў Эгіпце пратэстоўцы захапілі штаб-кватэру сакрэтнай службы Мубарака, высьветлілася, што ўлады выкарыстоўвалі тэхналёгію, распрацаваную брытанскай кампаніяй, якая дазваляе перахопліваць размовы ў Skype, які паводле распаўсюджанаму меркаваньню, абаронены ад праслухоўваньня.

На жаль, амэрыканскі ўрад, які гучней за ўсіх кажа пра свабоду Інтэрнэту, мала што гаворыць пра сваю датычнасьць да гэтага. Дзяржсакратар Гілары Клінтан, якая часта выказваецца на гэтую тэму, ня кажа пра тое, як амэрыканскія кампаніі падрываюць гэтую заяўленую мэту. Горкай іроніяй гучыць паведамленьне, што ў сьнежні Дзярждэпартамэнт ўзнагародзіў за «грамадзянскую адказнасьць» карпарацыю Cisco , якая пастаўляла элемэнты для знакамітага кітайскага Файервола.

Такія краіны, як Беларусь, Іран ці Бірма робяць высновы з «арабскай вясны» і іх попыт на тэхналёгіі сачэньня будзе ўзрастаць

Гэта маўчаньне зусім не выпадковае, бо большая частка гэтых тэхналёгіяў была ўпершыню распрацаваная для заходніх праваахоўных органаў і спэцслужбаў. Заходнія палітыкі трапляюць у далікатнае становішча. Ім цяжка ўтаймаваць кампаніі, якія яны самі выгадавалі. Ім цяжка адпрэчыць аргумэнты рэпрэсіўных рэжымаў, якія маюць патрэбу ў такой тэхналёгіі у барацьбе з экстрэмістамі. Зь іншага боку, робіцца ўсё цяжэй ігнараваць тое, што што гэтыя тэхналёгіі ўжываюцца ня толькі супраць экстрэмістаў.

Відавочнае выйсьце палягае ў забароне на экспарт такіх тэхналёгій у краіны з рэпрэсіўнымі рэжымамі. Але пакуль гэта выкарыстоўваецца для сачэньня ў саміх заходніх краінах, забароны не вырашаць праблему – прапанова заўсёды знойдзе шлях, як задаволіць попыт. Да таго ж дыктатараў, якія змагаюцца з экстрэмізмам, па-ранейшаму вітаюць у Вашынгтоне: значная частка абсталяваньня для сачэньня пастаўлялася Мубараку з маўклівай згоды амэрыканскіх уладаў.

Трэба прызнаць, што наша патрэба ў сродках сачэньня ў нашай краіне, нават калі яна абмежаваная праўнай сыстэмай, падрывае свабоду ў тых краінах, дзе права наагул ніяк не абароненае.

Такія краіны, як Беларусь, Іран ці Бірма робяць высновы з «арабскай вясны» і іх попыт на тэхналёгіі сачэньня будзе ўзрастаць. Недастатковы кантроль над экспартам заходніх тэхналёгіяў сачэньня можа падарваць заходнюю палітыку свабоды інтэрнэту гэтак жа, як экспарт узбраеньняў падрывае заходнія мірныя ініцыятывы. Колькі актывістаў, якія пацерпяць ад інфармацыі, сабранай супраць іх пры дапамозе заходніх тэхналёгіяў, будуць працягваць давяраць заявам заходніх урадаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG