Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратар групы «Вконтакте»: Я афіцыйна заяўляю пра разрыў дамовы пра супрацоўніцтва з КДБ


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску
Адміністратар суполкі «Мы за Вялікую Беларусь» vkontakte.ru Сяржук Паўлюкевіч выклаў у інтэрнэце відэазварот. У ім ён заяўляе, што 14 ліпеня 2011 году яго ў Жодзінскай турме з прымяненьнем катаваньняў прымусілі падпісаць дамову пра супрацоўніцтва з КДБ.

Тэкст відэазвароту публікуе «Хартыя-97».

«Я, Паўлюкевіч Сяргей Віктаравіч, зьўляюся заснавальнікам суполкі «Мы за Вялікую Беларусь».

1 ліпеня 2011 году, незаконна праслухоўваючы мой хатні тэлефон, спэцслужбы даведаліся маё дакладнае месцазнаходжаньне, у пэўны час выкралі мяне ў людным месцы. Склаўшы «ліпавы» пратакол, ілжыва сьведчачы ў судзе, мяне незаконна арыштавалі на 15 сутак. Адразу ж скралі мой тэлефон і мой пашпарт, якія так і не аддалі.

14 ліпеня 2011 году ў першай палове дня, як мне пасьля вызваленьня стала вядома, маю маці забралі з працы супрацоўнікі КДБ і ваеннай разьведкі, і на нашай кватэры быў праведзены незаконны ператрус бяз санкцыі, без панятых, без афіцыйных дакумэнтаў канфіскацыі кампутара ў вельмі нахабнай, самаўпраўных форме, зь перавышэньнем службовых паўнамоцтваў і парушэньнем шэрагу законаў. У выніку, за 1 дзень у нас на кватэры зь ператрусам пабывалі 2 разы. У першы раз забралі кампутар. Другі ператрус адбыўся ўжо ў другой палове дня, пасьля маіх катаваньняў у жодзінскай турме, дзесьці пад вечар. Шукалі маю флэшку, таемна выкралі дзьве тэлефонныя SIM-карты і вярнулі кампутар, пры гэтым у ім адфарматавалі ўсе дыскі з усёй асабістай інфармацыяй.

У гэты ж дзень, 14 ліпеня 2011 году, у другой палове дня ў Жодзінскай турме, дзесьці ў 15:00 мяне пачалі катаваць.

Як мяне катавалі?

Завялі ў кабінэт, у якім былі два чалавекі ў масках і гумовых пальчатках. Як яны потым сказалі, яны былі з ваеннай разьведкі. Адразу ж безь якіх бы то ні было гутарак або пытаньняў паставілі мяне да сьцяны, рукі за сьпіну, надзелі кайданкі, заціснуўшы іх наколькі гэта было магчыма, надзелі на галаву цэлафанавы пакет і сталі душыць.

Потым паклалі мяне жыватом на падлогу, адзін зь іх сеў ззаду на мяне, перакрыў дыханьне пакетам і, узяўшы за падбародак дзьвюма рукамі, пачаў мяне расьцягваць наколькі гэта было магчыма, так, што я ня мог нават гуку вымавіць. Адначасова другі хадзіў і душыў сваёй нагой мае ногі, косткі, плечы, націскаючы так, каб зрабіць як мага больш балюча. Усё гэта суправаджалася прыніжэньнем маёй асобы, псыхалягічным ціскам, пагрозамі забіць ці пакалечыць, шантажом прымяненьня катаваньняў у адносінах да маіх родных, якое суправаджалася выказваньнямі недарэчных паранаідальных тэорый змовы жыдамасонскага толку. Білі па сьпіне, па жываце, усё рабілася так, каб не заставалася сьлядоў. Білі па верхавіне галавы. Заціскалі чымсьці безыменны палец левай рукі, зьняменьне не прайшло да гэтага часу. Узяўшы двума пальцамі за мой кадык, адзін зь іх заціснуў яго і як бы стаў цягнуць яго. Пасьля гэтага мне было балюча глынаць нават сьліну. І, вядома, паставілі на расьцяжку, амаль на шпагат. З кайданкамі на руках, пакетам на галаве я прастаяў каля 2-3 гадзінаў. І ў такім стане мяне дапытвалі, пасьля чаго ў мяне ўсё так зацякло, што мяне прыйшлося падымаць, бо самастойна я ўжо ня мог скрануцца зь месца.

Што ім было ад мяне трэба?

Па-першае, яны прымусілі аддаць ім доступ да майго акаўнта «Вконтакте», каб кантраляваць групу «Мы за Вялікую Беларусь» і сустрэчу «Марш мільёнаў».

Па-другое, яны прымусілі мяне падпісаць пагадненьне аб супрацоўніцтве з КДБ.

Па-трэцяе, яны прымусілі мяне агучыць тэкст у іх карысьць, які нібыта дыскрэдытуе мяне і іншых асобаў, на відэакамеру, які, я думаю, зьявіцца пасьля таго, як усё гэта стане вядома. Я вырашыў адразу з усім пагаджацца, каб выйсьці, і зь бясьпечнага месца ўсё расказаць, таму што там толькі два варыянты — згаджацца або паспрабаваць на сабе яшчэ больш балючыя і дасканалыя мэтады катаваньняў.

Я афіцыйна заяўляю пра разрыў дамовы аб супрацоўніцтве з КДБ, якая была падпісаная 14 ліпеня 2011 году пасьля катаваньняў, шантажу, пагрозаў мяне забіць або моцна пакалечыць, адабраць у нашай сям’і кватэру, выгнаць з працы ўсіх чальцоў сям’і, ужываць іншыя формы рэпрэсій супраць маіх родных , у тым ліку, і пагрозы катаваньняў. Я ніколі ня быў сэксотам і ніколі не адыду ад сваіх прынцыпаў. Я ніколі не супрацоўнічаў ні зь якімі спэцслужбамі і не зьбіраюся адыходзіць ад сваіх прынцыпаў. Я патрабую, каб пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальныя справы па артыкулах
  • 128 «Злачынства супраць бясьпекі чалавецтва»;
  • 182 ч.2 п.6 «Выкраданне чалавека»;
  • 185 «Прымус»;
  • 202 ч.2 «Парушэньне недатыкальнасьці жыльля і іншых законных уладаньняў грамадзян»;
  • 203 ч.2 «Парушэньне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленьняў»;
  • 206 ч.2 «Рабаваньне»;
  • 397 ч.1 «Заведама незаконнае затрыманьне ці заключэньне пад варту»;
  • 398 «Правядзеньне заведама незаконнага ператрусу»;
  • 401 ч.1 «Заведама лжывае паказаньне».

Цяпер кантроль над нашай групай праз адміністрацыю сеткі «Вконтакте» адноўлены»


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG