Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі зноў бяруцца за ЭГУ?


За апошнія два тыдні ў КДБ і міліцыю былі выкліканыя некалькі студэнтаў унівэрсытэту, якім "патлумачылі", што ЭГУ уяўляе пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Беларусі, – піша сёньня літоўскі інфармацыйны партал DELFI.

Падобна на тое, беларуская дзяржаўная машына, пакінуўшы на фоне мінулагодняй «лібэралізацыі» ў перадвыбарчы пэрыяд Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт у спакоі, бярэцца за яго зноў. Пра гэта распавяла лідэр студэнцкай арганізацыі Studiaalliance Кірыл Атаманчык. Ён сьцьвярджае, што ведае пра пяць такіх выклікаў, але тыя, хто пабываў на такіх прафіляктычных размовах, распавялі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў ім казалі, што для даверных гутарак былі запрошаныя многія студэнты гэтага ўнівэрсытэту ў выгнаньні. У асноўным студэнты першага і другога курсаў.

«Супрацоўнікі казалі, што яны (студэнты) былі выкліканыя ня першымі і не апошнімі. Таму можна казаць, што такіх людзей, як мінімум, разы ў два больш. З таго, што вядома К. Атаманчыку, з 18 жніўня выклікі былі ў Менску, Сьветлагорску, Слуцку, Гомелі.

«Некалькі чалавек выкліканыя на размову і сёньня (30 жніўня)», - удакладніў ён.

Час для такіх гутарак, паводле Атаманчыка, выбраны вельмі ўдала, паколькі многія студэнты зараз знаходзяцца на вакацыях у Беларусі, а першакурсьнікі яшчэ не прыехалі для вучобы ў Вільню. Зьмест гутарак са слоў тых студэнтаў, што пабывалі на іх, К. Атаманчык абмаляваў так:

«Супрацоўнікі праваахоўных органаў казалі, што ЭГУ цікавы ім з пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі, паколькі заходнія спэцслужбы прамываюць студэнтам мазгі, а ў Беларусі не патрэбныя «пятыя калёны ».

К. Атаманчык распавёў таксама, што адным студэнтам прыходзяць позвы з запрашэньнем зьявіцца ў якасьці сьведкі, але не паказана па якой справе, іншым студэнтам альбо іх бацькам тэлефануюць і запрашаюць на гутарку ў КДБ ці міліцыю.

Магчыма, лічыць суразмоўца DELFI, цікавасьць да студэнтаў ЭГУ з боку ўладных структур зьвязана з тым, што летась ні спэцслужбы, ні дзяржаўная прапаганда не змаглі падрыхтаваць «кампрамат» на ўнівэрсытэт, як гэта адбывалася раней.

«У мінулым годзе была перадвыбарчая кампанія, і ім, напэўна, было не да ЭГУ. Сёлета прыкладна на 20% павялічылася колькасьць заявак на навучаньне ва ўнівэрсытэце, павялічыўся конкурс. І цяпер яны пачалі актыўна капаць. У бліжэйшы час, хутчэй за усё, варта чакаць правакацый, «гарачых» матэрыялаў аб унівэрсытэце », – мяркуе К.Атаманчык.

ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску і перамяшчэньня ў Вільню валодае статусам літоўскага, а не беларускага ўнівэрсытэта, аднак пасьля вядомых падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску былі затрыманыя 12 студэнтаў. Яны панесьлі адміністрацыйную адказнасьць.

Яшчэ адзін студэнт унівэрсытэту, Мікалай Дзядок, ужо год адбывае тэрмін зьняволеньня (усяго – 4 гады) па «справе анархістаў». К.Атаманчык распавёў, што асуджанаму «анархісту» ўжо два разы прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але М. Дзядок абодва разы адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG