Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер будуць даваць суткі за бязьдзеяньне?

абноўлена

Затрыманьні на акцыі пратэсту ў Менску
Затрыманьні на акцыі пратэсту ў Менску
Унесены законапраект, паводле якога масавая прысутнасьць грамадзянаў у адным месцы для "загадзя вызначанага дзеяньня ці бязьдзеяньня" прыраўноўваецца да пікетаваньня.

Савет Міністраў Беларусі (суб'ект заканадаўчай ініцыятывы) унёс у Палату прадстаўнікоў законапраект "Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у Закон РБ "Аб масавых мерапрыемствах у РБ".

Зьвяртае на сябе ўвагу наступная прапанова: У артыкул 2 абзац восьмы дапоўніць сказам наступнага зьместу: "Да пікетаваньня прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасьць грамадзян у загадзя вызначаным грамадзкім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ўсталяваны час для зьдзяйсьненьня загадзя вызначанага дзеяньня ці бязьдзеяньня, арганізаванае (у тым ліку праз глябальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных настрояў або пратэсту".

Сярод іншага законапраектам прадугледжваецца пашырэньне паўнамоцтваў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Паводле законапраекту, яны маюць права агароджваць тэрыторыі месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў, рабіць фота- і вэдэаздымкі, патрабаваць ад грамадзянаў пакінуць месца правядзеньня масавага мерапрыемства, калі яны парушаюць грамадзкі парадак, спыняць допуск грамадзянаў у месца правядзеньня масавага мерапрыемства з улікам умяшчальнасьці ўказанага месца.

Фядыніч: Улады баяцца ўласнага народу


Генадзь Фядыніч

Старшыня Беларускага прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін народнай гаспадаркі Генадзь Фядыніч засяроджвае ўвагу на некалькіх акалічнасьцях:

“Гэта ініцыятыва найперш нават не Саўміну, а Міністэрства ўнутраных спраў — тых міліцыянтаў, якім моладзь дае цяпер працу. І тое, што яны цяпер выйшлі з гэтай ініцыятывай, кажа пра тое, што гэтая праца безумоўна не была законнай.

Па-другое, гэта сьведчыць і пра тое, што ўлада ўжо як мае быць пачала баяцца сваіх жа грамадзян. І я думаю, што “палатка” прыме ўсе гэтыя прапановы і зробіць умовы правядзеньня акцый ня больш дэмакратычнымі, а больш жорсткімі. Паводле такога бязглуздага заканадаўства можна ж арыштаваць усіх, хто зьбярэцца, напрыклад, у парку. Усе грамадзяне, калі іх будзе больш чым трое, падпадаюць пад артыкул гэтага закону.

І па-трэцяе, думаю, нашым праваабаронцам трэба аддаць гэты законапраект на міжнародную экспэртызу. Хай скажуць, ці не пярэчыць гэта тым міжнародным абавязаньням, якія ўзяла на сябе Беларусь, калі падпісала цэлы шэраг міжнародных дакумэнтаў”.

Генадзь Фядыніч упэўнены: калі ўлада ідзе на такі крок — значыць, яна адмаўляецца ад дыялёгу са сваім жа народам:

“Улада хоча толькі аднаго — людзі выйшлі на вуліцу, а іх за краты. Як кажуць, кіраўніцтва добрае, засталося толькі зьмяніць народ. І краіна будзе надалей квітнець".



Ухналёў: "Я ўжо забыўся, калі апошні раз мы атрымлівалі дазвол на правядзеньне пікетаў"


Намесьнік старшыні партыі “Справядлівы сьвет” Валеры Ухналёў у размове са “Свабодай” выказаў меркаваньне, што законапраект аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон РБ "Аб масавых мерапрыемствах у РБ" выкліканыя наступным:

“Улады не змаглі знайсьці хоць нейкіх прававых зачэпак, калі яны разганялі і хапалі людзей падчас акцый маўклівага пратэсту. Гэтыя дзеяньні не падыходзілі ні пад якія заканадаўчыя акты. І таму яны зразумелі – трэба нешта рабіць, каб хоць неяк прыкрыць незаконныя дзеяньні. Гэта спроба прыдаць хоць нейкае прыкрыцьцё разгону пратэстоўцаў. Таму, я думаю, гэта пагоршыць заканадаўчы стан усіх пратэстных мерапрыемстваў.

Я ўжо і забыўся, калі апошні раз мы атрымлівалі дазвол уладаў на правядзеньне пікетаў ды іншых мерапрыемстваў. Вось і на гэтым тыдні мы атрымалі адмоўны адказ з Менскага гарвыканкаму. Мы хацелі правесьці акцыі на плошчы Бангалор супраць цяжкога эканамічнага становішча. І новы намесьнік старшыні Ігар Карпенка адмовіў нам, таму што нібыта ў краіне ўсё добра”.


Губарэвіч: "У спробах усё рэглямэнтаваць можна дайсьці да маразму"


Намесьнік кіраўніка руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч камэнтуе для “Свабоды” законапраект аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон РБ "Аб масавых мерапрыемствах у РБ":

“Гэты дакумэнт спроба рэглямэнтаваць любыя праявы грамадзкай актыўнасьці. І такім чынам усё кантраляваць і абмяжоўваць. Практыка апошніх гадоў паказвае, што нават без канкрэтных вызначэньняў, якія прапісаныя ў заканадаўстве, міліцыя нічым не абмежаваная. Яна можа хапаць любых грамадзян, якія маюць дачыненьне да нейкіх пратэстных акцыяў альбо ня маюць. А суды выносяць несправядлівыя рашэньні аб пакараньні невінаватых людзей.

Таму, я думаю, што наяўнасьць дадзенай ініцыятывы і магчымае зьмяненьне заканадаўства нічога ня зьменяць у практыцы прымяненьня сілы і практыцы асуджэньня людзей за выказваньне свайго пратэсту.

Аднак у такіх спробах усё рэглямэнтаваць можна дайсьці да маразму. Таму што грамадзяне, асабліва моладзь, маюць сваю пэўную фантазію, што да формаў пратэсту. Гэтыя формы могуць быць розныя. І дзяржава проста ня будзе пасьпяваць за усім, каб усё гэта нейкім чынам стрымліваць і абмяжоўваць”.


Чавусаў: Законапраект парушае свабоду сходаў


Палітоляг Юры Чавусаў: Гэта даволі няўклюдная спроба ўключыць у тэкст закону, урэгуляваць тое, што раней заканадаўцамі не было ўрэгулявана. Відавочна, што папраўкі накіраваныя на тое, каб прыдаць арэол законнасьці тым дзеяньням праваахоўных структураў падчас "маўклівых акцыяў", якія былі відавочна неправавымі. Некаторыя зьмены, якія тычацца выкарыстаньня транспартных сродкаў, накіраваныя супраць такіх акцыяў як "Стоп-бэнзін". З юрыдычнага пункту гледжаньня, напрыклад, вельмі сумнеўным выглядае забарона быць арганізатарам масавых мерапрыемстваў тым людзям, якія ўжо прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасьці.

Як і ўсе законы, які прымаюцца пад нейкія канкрэтныя падзеі, ён юрыдычна вельмі неабгрунтаваны. Можна сказаць, што гэта законапраект супярэчыць асноўным прынцыпам правоў чалавека, у прыватнасьці свабодзе сходаў і безумоўна, зьяўляецца неправавым актам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG