Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла паэтка Сьвятлана Явар



15-га чэрвеня пайшла з жыцьця паэтка, мовазнаўца і літаратурны крытык Сьвятлана Явар.

Сьвятлана Явар нарадзілася ў Менску 11 ліпеня 1968 году ў сям’і вядомага беларускага пісьменьніка Барыса Сачанкі. Скончыла філялягічны факультэт БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. Працавала ў розных беларускіх выдавецтвах, ва Ўніверсітэце культуры, Нацыянальным навукова-асьветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны.

Выдала дзьве кнігі паэзіі: “Белы месяц” і “Раніца ў туманах”. 24 траўня яе верш гучаў у праграме нашага радыё "Верш на свабоду". Дзесяць гадоў таму яна была таксама аўтаркай аднайменнай праграмы і кнігі.

Пяру Сьвятланы Явар належыць шэраг навуковых дасьледаваньняў і артыкулаў у беларускім і замежным друку, а таксама нявыдадзеная манаграфія па творчасьці знанага пісьменьніка беларускай эміграцыі Масея Сяднёва.

Раьзвітаньне са Сьвятланай Явар адбудзецца 17 чэрвеня ў 15.30 у рытуальнай залі крэматорыю на Паўночных могілках у Менску.


Сьвятлана Явар у перадачы "Вольная студыя". 31.05.2011
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:54 0:00
Наўпроставы лінк


***

Верш на Свабоду, дасланы Сьвятланай Явар 24 траўня 2011 году:

Тут блякне ўсё, любы агонь згасае…
А ў непрагляднай цемры ты адзін.
Усё як быццам бы ўнутры зьмярзае,
І лепшае ў табе ідзе на згін.

Ты рвешся прэч – туды, дзе зьзяюць зоркі,
Дзе месца ёсьць надзеі і вясьне,
Ды не пускае лёс твой, вельмі горкі,
Да тых свабод, што бачыш толькі ў сьне.

Здаецца, паляцела б хуткай птушкай
Адсюль у бок жыцьця, ды не пускае штось
На волю. Колькі мару ты ні гушкай,
Заўсёды перашкодай нешта ёсьць.

І любіш ты радзіму, і ня хочаш
Свой родны край пакінуць назаўжды,
І за гадзіньнікам паныла сочыш:
Ці прыйдзе ж вызваленьне, сапраўды?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG