Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс Сталіна для вагона сьмерці


Помнік дэпартаваным 1941 году ў Новай Вільні (раён сучаснае Вільні)
Помнік дэпартаваным 1941 году ў Новай Вільні (раён сучаснае Вільні)

У Літве адзначаюцца 70-я ўгодкі масавай дэпартацыі жыхароў рэспублікі -- у чэрвені 1941 году тысячы людзей былі сасланыя ў Сібір і іншыя аддаленыя рэгіёны СССР. Большасьць іх загінула.

Дзень жалобы і надзеі -- так называюць у Літве 14 чэрвеня, успамінаючы трагічны пэрыяд гісторыі, калі ў 1941 годзе з краіны былі сасланыя людзі, якія складалі гонар нацыі: лекары, настаўнікі, інжынэры, сьвятары. Сталін лічыў, што ў выпадку магчымай вайны заходнія рубяжы СССР варта ўмацаваць, ізаляваўшы "нядобранадзейныя элемэнты". Пасьля ўльтыматыўнага ўключэньня ў 1940 годзе трох балтыйскіх рэспублік у склад Савецкага Саюзу нелаяльнымі СССР тут былі многія.

14 чэрвеня 1941 году ў вагонах для быдла зь Літвы былі вывезеныя першыя сям'і -- 17,5 тысячы чалавек. Усяго ж за гады рэпрэсіяў у Сібіры і іншых аддаленых рэгіёнах апынуліся каля 150 тысяч жыхароў рэспублікі. Многія зь іх загінулі ад холаду, голаду і цяжкой працы. Паводле некаторых ацэнках у савецкі пэрыяд часу ў выніку ссылак, расстрэлаў, турэмнага зьняволеньня і вымушанай эміграцыі трохмільённая Літва страціла траціну насельніцтва.

У 70-ю гадавіну трагічных для рэспублікі падзеяў прэзыдэнт Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што Літва можа ганарыцца тым, што засталася свабоднай краінай, у якой людзі самі вырашаюць, як ім жыць. "Ніхто ня змог нас зьнішчыць, наш народ здолеў выжыць, заўсёды захоўваючы ў сэрцы памяць аб радзіме", -- паведаміла прэзыдэнт краіны.

Літоўцы Дангірэ Беразоўскай -- цяпер пэнсіянэрцы -- удалося застацца ў жывых і ўжо ў сталым узросьце вярнуцца зь Сібіры ў Вільню. Яна была вывезеная зь сям'ёй у 1941 годзе двухгадовай дзяўчынкай. Пра гэта яна распавяла нашаму карэспандэнту:

-- Нас высадзілі проста на беразе мора Лапцевых, дзе наогул не было нічога, акрамя трох юртаў мясцовых жыхароў -- якутаў. Вось яны нам і дапамаглі выжыць. Многія з тых, з кім мы прыехалі, ня выжылі, і я бачыла, як людзі паміралі -- хто ад тыфу, хто яшчэ ад чаго. Я памятаю, як людзі зьбіраліся, маліліся аб памерлых, пра жывых. Ніхто не забыўся сваёй веры, хоць пазалочаныя крыжыкі з нас усіх, нават зь дзяцей, яшчэ ў Літве паздымалі тыя, хто ператрус праводзіў.

-- Вы сустракаецеся з кімсьці з тых, хто быў дэпартаваны разам з вамі?

-- Прайшоўшы праз голад, цяжкасьці, людзі становяцца бліжэй, спачуваюць адзін аднаму. Мяне Бог узнагародзіў сапраўднымі сябрамі -- гэта і рускія, і татары, і немцы, і габрэі, і якуты, і ўкраінцы, і беларусы. Я сябе адчуваю чалавекам Зямлі, праўда! Усе мае сябры розных нацыянальнасьцяў, я іх вельмі люблю, і яны мяне таксама. Але тыя літоўцы, зь якімі мы жылі ў выгнаньні, зь якімі літаральна дзялілі апошні кавалак хлеба, тыя, з нашых "лапцеўцаў", хто застаўся ў жывых, -- гэта самыя блізкія.

У нашы дні ўнукі і праўнукі ссыльных адпраўляюцца ў Сібір па сваёй волі, каб даглядаць там магілы суайчыньнікаў. Неўзабаве маладзёвая экспэдыцыя "Місія Сібір" накіруецца ў расейскі Томск і ў Таджыкістан. Па рашэньні Сойму Літвы 2011 год аб'яўлены ў рэспубліцы Годам абароны свабоды і памяці ахвяр таталітарных рэжымаў. Ён уключае ў сябе адкрыцьцё помнікаў, канфэрэнцыі, сустрэчы вучоных розных краін, экспэдыцыі, прадстаўленьне кніг, выставы, канцэрты. "Праграма складзена так, -- падкрэсьліў кіраўнік парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Арвідас Анушаўскас, -- каб не забыліся ніводнага чалавека, які стаў у свой час ахвярай таталітарызму. Якой бы нацыянальнасьці ён ні быў".

Дата 14 чэрвеня 1941 году мае непасрэднае дачыненьне і да беларускай гісторыі, бо тады зь Вільні, якая за два гады да таго лічылася сталіцай Заходняй Беларусі, а яшчэ раней – усёй Беларусі, і зь Віленскага краю былі вывезеныя многія тысячы прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і паспалітых беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG