Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы ў “Брузгах” АМАП жорстка разагнаў пратэст кіроўцаў

абноўлена

Увечары 12 чэрвеня на КПП “Брузгі” на беларуска-польскай мяжы адбылася акцыя пратэсту кіроўцаў. Яны патрабавалі скасаваць указ ад 11 чэрвеня і абмежаваньне на вываз паліва. Удзельнікі акцыі пратэсту, затрыманыя ў Брузгах, правялі ноч у ізалятары міліцыі Кастрычніцкага раёну Горадні.

13 чэрвеня павінны адбыцца суды над затрыманымі.



Адзін з відавочцаў акцыі пратэсту кіроўцаў і яе разгону на памежным КПП “Брузгі” распавядае, што прыблізна а 18-й гадзіне ў нядзелю кіроўцы перакрылі тэрмінал на пешаходным пераходзе. Яны патрабавалі прыезду старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры. Прыблізна ў 19.30 чыноўнік прыехаў, пачалася размова. Людзей яна не задаволіла. Спэцназ міліцыі паспрабаваў адціснуць людзей, але яму гэта не ўдалося.

Каля 20 гадзінаў да міліцыянтаў прыбыло падмацаваньне, пратэстоўцаў пачалі адцясьняць з дарогі на ходнікі. Некалькіх чалавек затрымалі. Калі людзі акружылі “аўтазак”, патрабуючы выпусьціць затрыманых, міліцыянты ўжылі газ.

Адзін са сьведкаў разгону, кажа, што спэцназаўцы жорстка зьбівалі ўдзельнікаў акцыі.

Ён кажа, што міліцыянты закідвалі пратэстоўцаў у аўтазак і там працягвалі зьбіваць. Ігар кажа, што бачыў як меней 10 зьбітых чалавек.

Відавочца кажа, што ў акцыі ўдзельнічала каля сотні чалавек.

“Людзі абаранялі сваё жыцьцё. Так, гэта не зусім легальная праца, але ў людзей няма іншага выйсьця. Усе ведаюць, хто вінаваты ў цяпершаняй эканамічнай сытуацыі. Не салярка ў гэтым вінаватая”, – кажа відавочца падзеяў.

ДАІ з дапамогай эвакуатара адсоўвала легкавыя машыны.

Па словах іншага сьведкі падзеяў: Людзі абураліся, што нельга цяпер езьдзіць у Польшчу кожны дзень. Ня ўсе возяць туды салярку, у іншых ёсьць свой бізнэс у Польшчы альбо жывуць там сваякі. Атрымалася, што паехаць у любы зручны для сябе час нельга, людзей рэальна ўчора не прапускалі за мяжу, кажа ён.

Пры выезьдзе цяпер можна мець у баку толькі пяць літраў бэнзіну, але ня кожная машына з такой колькасьцю паліва яшчэ паедзе, а на польскім баку да запраўкі дванаццаць кілямэтраў, сьцьвярджае наш суразмоўца. Прычым што значыць для беларуса запраўляцца ў Польшчы, дзе літар каштуе пяць злотых — рэальна гэта два даляры? Значыцца патрэбна мець даляры, каб памяняць іх на злотыя, а валюта ў Беларусі не прадаецца. Людзі патрабавалі вярнуць ранейшы стан рэчаў, мы зарабляем з памежнага гандлю, вы нас пазбаўляеце заробку, казалі яны.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG