Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самадурскія законы зьяўляюцца больш важнымі для суду»


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Сёньня суд Цэнтральнага раёна Менску пакінуў у сіле папярэджаньне Генэральнай пракуратуры старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму. Яго вінавацяць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі дамагаўся ў судзе адмены папярэджаньня генпракуратуры ад 16 лютага гэтага году, якое ён лічыць незаконным. У ім сьцьвярджаецца, што на сайце spring96.org ды іншых сыстэматычна разьмяшчаецца інфармацыя пра дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна» праз публікацыю заяваў, выступаў і камэнтароў яго кіраўніка Алеся Бяляцкага. Згадваецца артыкул у інтэрнэце «Мінюст пакараў адвакатаў» ад 5 студзеня, дзе ідзе гаворка пра ціск на абаронцаў удзельнікаў Плошчы 19 сьнежня.

Таксама ў папярэджаньні пракуратура прыгразіла, што пры далейшым парушэньні заканадаўства будзе разгледжана пытаньне аб прыцягненьні Бяляцкага да адказнасьці.

У сакавіку Алесь Бяляцкі зьвяртаўся да генпракурора Рыгора Васілевіча з просьбай адмяніць папярэджаньне, але той прызнаў яго абгрунтаваным. У судзе прадстаўнік пракуратуры Павел Елісееў пацьвердзіў, што дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі забароненая. Ён адзначыў, што праваабаронцу могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 193-1 за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Бяляцкі сказаў у судзе, што насамрэч уладам не падабаецца ацэнка праваабарончым цэнтрам «Вясна» сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Цэнтар быў пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі, і з 2003 году Міністэрства юстыцыі «выконвае палітычную замову, не рэгіструючы наогул праваабарончыя арганізацыі». А дзеяньні генпракуратуры, паводле Бяляцкага, вядуць да стварэньня нэгатыўнага іміджу Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасьці.

«Мая дзейнасьць і дзейнасьць праваабарончага цэнтру ў цэлым ажыцьцяўляецца выключна ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі.
Генпракуратура выконвае палітычны загад на абмежаваньне грамадзянскіх правоў і свабодаў беларускіх грамадзянаў.

У гэтым выпадку генпракуратура выконвае палітычны загад на абмежаваньне грамадзянскіх правоў і свабодаў беларускіх грамадзянаў, замест таго каб бараніць гэтыя правы».

Старшыня Беларускага хэльсынскага камітэту Алег Гулак, які выступіў у судзе як прадстаўнік грамадзкасьці, адзначыў, што дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна» ніяк не пярэчыць заканадаўству. Ён згадаў, што зьяўляецца сябрам грамадзка-кансультацыйнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта, якая нідзе не зарэгістравана.

«Адносна 193-га артыкула, пра які сказаў у судзе прадстаўнік пракуратуры, то ён ніяк не адпавядае Канстытуцыі. Пракуратура ня можа нам сфармуляваць, якія ж дзеяньні спадара Бяляцкага могуць быць грамадзка небясьпечнымі, і якую грамадзкую небясьпеку наогул гэтая дзейнасьць уяўляе».

Судзьдзя Алена Сямак не задаволіла скаргу Алеся Бяляцкага і пакінула ў сіле папярэджаньне генпракуратуры. Спадар Бяляцкі заявіў, што абскардзіць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе і працягне праваабарончую дзейнасьць:
Сотні няўрадавых арганізацый у Беларусі ня маюць рэгістрацыі, і тысячы людзей знаходзяцца пад пагрозай крымінальнага перасьледу з боку дзяржавы.

«Самадурскія мясцовыя законы зьяўляюцца больш важнымі для суду, чым міжнародныя пагадненьні. Я маю на ўвазе крымінальны артыкул 193-1. Задачай гэтага працэсу было жаданьне яшчэ раз прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтага артыкулу. Бо сотні няўрадавых арганізацый у Беларусі ня маюць рэгістрацыі, і тысячы людзей знаходзяцца пад пагрозай крымінальнага перасьледу з боку дзяржавы. Мы пратэстуем супраць існаваньня гэтага артыкулу».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што Вэнэцыянская камісія разгледзіць адпаведнасьць гэтага артыкула Канстытуцыі. Камэнтуючы рашэньне суду, ён адзначыў:

«Мы проста размаўляем на розных мовах у прамым і пераносным сэнсе. Бо нашы аргумэнты адносна пакту і міжнародных нормаў, у тым ліку і Канстытуцыя, судом, у прынцыпе, не ацэньваліся. Мы застаёмся пры сваім. Мы лічым, што наша дзейнасьць абсалютна законная. Мы яе будзем працягваць далей. І ўсе гэтыя рашэньні будзем абскарджваць у Камітэце па правах чалавека ААН і будзем дамагацца поўнай адмены 193-га артыкула. Бо гэта недапушчальна для эўрапейскай краіны — мець такі артыкул у Крымінальным кодэксе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG