Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра дэвальвацыю дэпутаты не згадалі


Сёньня ў Менску прайшло чарговае паседжаньне сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Тое, што ў краіне абвастраецца эканамічны крызіс, на працы дэпутатаў не адбілася: словы «інфляцыя», «дэвальвацыя» ды ім падобныя ў Авальнай зале не гучалі.

Спадзяваньні, што дэпутаты возьмуцца за абмеркаваньне тых праблемаў, пра якія сёньня гаворыць у чэргах уся Беларусь, зьявіліся толькі на сярэдзіне паседжаньня, калі на трыбуну выйшаў міністар гандлю Валянцін Чаканаў. Дэпутат Уладзімер Кужанаў спытаў:

«Заходжу я ў краму тут, зусім непадалёк ад нас, па вуліцы Мясьнікова. І бачу — бутэлька гарэлкі каштуе 9 тысяч, а кіляграм яблык — 13 тысяч. Можаце пракамэнтаваць?».

Міністар адказаў. Высьветлілася, што беларускія яблыкі да траўня не захоўваюцца. Таму даводзіцца купляць садавіну за мяжой:

«З-за няўстойлівасьці валютнага рынку тыя ж імпартэры сур’ёзна закладаюць у цану сваю рызыку. Рызыку на даляры, якія яны купляюць на міжбанкаўскай біржы. І, натуральна, гэта ня той курс, які мог бы быць у звычайным рэжыме працы. Зразумела, што цана падвышаецца».

Далей размова не паглыбілася, паколькі Валянцін Чаканаў нагадаў, што Міністэрства гандлю цэны не вызначае. Маўляў, гэта прэрагатыва іншага міністэрства — эканомікі.

Пасьля паседжаньня я спытаўся ў некаторых дэпутатаў, чаму яны сёньня не ўздымалі пытаньняў пра дэвальвацыю і інфляцыю? Гэта ж найбольш закранае цяпер выбарцаў, дый нават саміх дэпутатаў, якія атрымліваюць свае заробкі ў рублях. Адказ быў практычна аднолькавы: «Вырашыў пачакаць да пятніцы».

У пятніцу, 27 траўня, у Авальнай залі пройдзе сумеснае паседжаньне абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. На парадку дня — адказы ўраду на запыты і пытаньні парлямэнтароў.

А міністар Чаканаў паразмаўляў таксама і з журналістамі. Найперш пра попыт на харчы:

Ажыятажнага попыту ўжо няма. Мы маніторым сытуацыю штодня.
«Ажыятажнага попыту ўжо няма. Мы маніторым сытуацыю штодня. І сёньня ёсьць толькі падвышаны попыт на соль, цукар. Ён крыху вышэйшы за звычайны. Воцат, крупы, макаронныя вырабы таксама купляюць крыху болей, чым звычайна».

Эканамічны аглядальнік Кастусь Скуратовіч кажа, што ўсё залежыць ад наяўнасьці грошай у насельніцтва:

«Вось я не пасьпеў сабе купіць просьценькі тэлевізар „Гарызонт“ за 500 тысяч. А цяпер ён каштуе ўжо паўтара мільёна. І будзе тут ажыятаж ці ня будзе, а да Новага году я яго ўжо не куплю.

З харчамі сытуацыя такая. Гэтая галіна — энэргаёмістая. А бэнзін стаў даражэйшы. За газ плаціць трэба. І калі рубель будзе так пікіраваць, то ажыятаж ці не ажыятаж — кошты будуць расьці. Інакш эканоміка стане. А народ будзе купляць меней, бо дзе ж грошы ўзяць?».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG