Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Федаркевіч: Кіраўніцтва краіны судзіць людзей, якія адстойваюць свае правы


Алег Федаркевіч
Алег Федаркевіч
У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў чацьвёрты дзень працэсу над шасьцю ўдзельнікамі падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году: Дзьмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімерам Лобанам, Віталем Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам, Алегам Федаркевічам. Яны абвінавачваюцца па частцы 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу «Масавыя беспарадкі». Пракурор просіць суд пакараць абвінавачаных турэмным зьняволеньнем ад 3,5 да 4 гадоў.

Першая палова дня ў судзе была прысьвечаная прагляду відэаматэрыялаў, а таксама допыту сьведкаў. Першыя ня выявілі актыўных дзеяньняў абвінавачаных, а другія сьведчылі пра тое, што дзьверы Дому ўраду білі ад 5 да 10 чалавек, якіх не было на лаве падсудных. Пра слабую доказную базу абвінавачаных у сваіх выступах сьведчылі таксама адвакаты падсудных. Пра гэта ж сьведчылі праваабаронцы, а таксама прысутны на судзе Артур Фінкевіч:

«У судзе не было прадстаўлена доказаў злачынства, якое б адпавядала артыкулу № 293. Я лічу, што падсудныя не ўчынялі падобнага злачынства, што ў дзеяньнях асобных зь іх былі дзеяньні, якія адпавядаюць іншым, больш мяккім артыкулам. І яны не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі».

Артур Фінькевіч пра працэс над Дароніным і іншымі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00
Наўпроставы лінк


У другой палове дня пракурор Мельнік зачытаў абвінавачаньне, аналягічнае таму, якое ён зачытваў перад пачаткам судовага працэсу аб масавых беспарадках, узброеным супраціве прадстаўнікам улады і гвалце над асобай. Абвінаваўца папрасіў суд пакараць абвінавачаных зьняволеньнем тэрмінам у 3,5 — 4 гады.

Маці Дзьмітрыя Дароніна: «Мой сын не вінаваты — ён пайшоў даведацца вынікі выбараў. І ўвогуле: моладзі надакучыла жыць у такой замкнёнай прасторы, з абмежаванымі магчымасьцямі. Яны асуджаюць невінаватых людзей. Нават калі б зараз адправіць іх у калгасы — колькі было б карысьці, а яны сядзяць за кратамі. Да чаго ён давёў краіну — вось адно пытаньне».

Сястра Дзьмітрыя Дароніна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:55 0:00
Наўпроставы лінк


Судзядзя Алена Шылько таксама дала апошняе слова абвінавачаным. Дзьмітрый Даронін сваёй віны не прызнаў і прамаўляць адмовіўся. Уладзімер Лобан, Яўген Сакрэт і Віталь Мацукевіч заявілі, што прызнаюць віну часткова і прасілі не караць турмой. Часткова віну таксама прызнаў і 19-гадовы Сяргей Казакоў. Але пры гэтым падкрэсьліў, што ён толькі распачынае жыцьцё, і як яно складзецца — будзе на сумленьні тых, хто яго судзіць. Ён таксама заявіў, што гэтыя людзі будуць адказваць за свае дзеяньні рана ці позна.

Самы сталы сярод абвінавачаных, 50-гадовы Алег Федаркевіч, заявіў, што ў Беларусі штомесяц — мільярд даляраў адмоўнага гандлёвага сальда, а кіраўніцтва краіны замест таго, каб займацца эканомікай, судзіць людзей, якія адстойваюць свае правы. Ён таксама дадаў, што для раба не галоўнае свабода — для раба галоўнае помста. Калі адзін чалавек лічыць для сябе магчымым быць вышэй над Канстытуцыяй і караць іншых за дзеяньні, якія ён лічыць неправамернымі, то гэта і ёсьць самая вялікая несвабода і несправядлівасьць. Вось што на гэта сказаў праваабаронца Уладзімер Лабковіч:

«Мы маем справу з палітычнымі рэпрэсіямі. Бачна, што віна гэтых людзей не даказаная. Добра ведаючы, што іх словы паўплываюць на колькасьць гадоў, якія ім будуць адмераныя, што кожнае слова — дадатковы год, які ім будзе дакінуты ў судзе, — нават пры гэтым яны дэманструюць сваю мужнасьць і грамадзянскую пазыцыю. І гэтыя свае перакананьні яны маюць і надалей».

Судзьдзя Алена Шылько на завяршэньне паведаміла, што прысуд будзе абвешчаны ў аўторак 12 траўня а 16:00.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG