Лінкі ўнівэрсальнага доступу

700 тысяч штрафу – за санкцыянаваны пікет


Яраслаў Берніковіч
Яраслаў Берніковіч
Глыбоцкі раённы суд аштрафаваў актывіста Яраслава Берніковіча за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах падчас дазволенага ўладамі пікетаваньня. Пікет праводзіўся 19 сакавіка на знак салідарнасьці з палітвязьнямі – удзельнікамі менскай акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Яраслаў Берніковіч быў аштрафаваны як арганізатар пікету паводле другой часткі артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Судзьдзя глыбоцкага райсуду Станіслаў Трапук аштрафаваў актывіста на 20 базавых велічынь, што складае 700 тысяч беларускіх рублёў.

У судзе разглядаўся міліцэйскі пратакол, складзены на Яраслава Берніковіча 27 красавіка – больш як празь месяц пасьля пікету салідарнасьці з палітвязьнямі. Міліцыянты паказалі актывісту заяву ад імя старшыні райвыканкаму Алега Морхата, у якой ён просіць міліцыю даць прававую ацэнку дзеяньням арганізатара акцыі, падчас якой "выкарыстоўваліся не ўказаныя ў заяўцы агітацыйныя матэрыялы", што на пікеце "быў усталяваны намёт" і што акцыя скончылася на 10 хвілін пазьней, чым было дамоўлена".

Паводле Яраслава Берніковіча, судзьдзя не зьвярнуў увагі на ягоную заўвагу пра тое, што падпісаў заяву ня сам Алег Морхат, а нехта іншы, і што на пікеце старшыня райвыканкаму не прысутнічаў, затое ад пачатку да канца акцыі за пікетоўцамі назіраў загадчык раённага ідэалягічнага аддзелу Міхаіл Чарапкоўскі.

"Ідэоляг" прысутнічаў ад пачатку да канца, зь ім разам была юрысконсульт райвыканкаму, але ніякіх заўваг яны нам не рабілі. А наконт намёту – ды спадар Чарапкоўскі нават пасьмяяўся, што мы яго марудна ставім… Тады йшоў мокры сьнег, і мы вырашылі паставіць намёт, каб было дзе схавацца ўдзельнікам ды скласьці агітацыйныя матэрыялы, якія мы раздавалі мінакам”, -- заўважыў Яраслаў Берніковіч.

Усталяваньне намёту было прызнана парушэньнем, за якое і пакаралі арганізатара адзінага на Віцебшчыне дазволенага ўладамі пікету салідарнасьці з палітвязьнямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG