Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі прапануюць сваю стратэгію супольных дзеяньняў


Нацыянальная каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў Беларусі 17 сакавіка зноў вяртаецца да абмеркаваньня адзінай стратэгіі дзеяньняў. Сваю праграму будзе прадстаўляць праваабарончы рух “Наша Беларусь”.

Палітычная апазыцыя і грамадзянская супольнасьць спадзяюцца праз палеміку і дыскусіі выпрацаваць агульны плян, які б дапамог пазьбегчы ранейшых памылак.

Праваабарончы рух "Наша Беларусь" утвораны як адзін з кірункаў дзейнасьці каардынацыйнай Рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі, тлумачыць праваабаронца Ігар Леднік.

Ён кажа, што стратэгія прадпрымальнікаў найперш адлюстроўвае іхнае бачаньне карэннай зьмены сытуацыі ў Беларусі. Таму ў стратэгіі прапісана: "Пераход ад пляну да рынку – гэта супрацьстаяньне інтарэсаў уласьнікаў і намэнклятуры. Ад гэтага і павінна будавацца стратэгія пасьпяховага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі".

Стратэгія прадпрымальнікаў мае назоў "Эўропа без дыктатур". Пытаюся ў Ігара Ледніка, у чым прынцыповае адрозьненьне гэтага дакумэнту ад "Стратэгіі-2012", якую падрыхтаваў Цэнтар эўрапейскіх трансфармацыяў:
Праблема рэспрэсіяў у Беларусі стане праблемай для усёй Эўропы...


"Стратэгія-2012" больш скіраваная на парлямэнцкія выбары. А наша стратэгія скіраваная на эўрапейскую інтэграцыю. Я лічу, што калі Беларусь знаходзіцца цяпер у эўразьвязаўскай праграме "Ўсходняе партнэрства", то трэба гэтым скарыстацца. І будаваць нашу стратэгію трэба разам з эўрапейскім спэцыялістамі. "Эўропа без дыктатур" прадугледжвае, што пераход да дэмакратыі будзе вырашацца ня проста санкцыямі. Праблема рэспрэсіяў у Беларусі стане праблемай для усёй Эўропы".

У стратэгіі прадпрымальнікаў важнае месца займае супрацьдзеяньне палітычным рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў і рэабілітацыя іх ахвяраў, адзначае Ігар Леднік:

"Правядзеньне віктымізацыі, то бок ператварэньня грамадзянаў у ахвяры, нас вельмі непакоіць. Менавіта прадпрымальнікі прапанавалі стварэньне спэцыяльнай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Якраз гэта, на наш погляд, магло б аб'яднаць палітыкаў. Але, на жаль, пакуль гэтая справа ня рухаецца".

Андрэй Ягораў – дырэктар Цэнтру эўрапейскіх трансфармацыяў і адзін з аўтараў "Стратэгіі-2012" – працуе з "Нашай Беларусьсю" і Ігарам Леднікам фактычна на адной пляцоўцы – грамадзянскай супольнасьці. Ці можа з гэтых дзьвюх канцэпцыяў зьявіцца адна ўзгодненая, цікаўлюся ў спадара Ягорава:
У стратэгіі не прапісаны шлях дасягненьня пастаўленай мэты...


"На мой погляд, яго прапановы занадта абстрактныя і тэарэтычныя. З таго, што там пішацца, наўрад ці што можна рэалізаваць. Вядома, было б добра, каб так яно само сабою сталася. Але ж яно само сабою так ня стане. У гэтай стратэгіі не прапісаны шлях дасягненьня пастаўленай мэты".

"Стратэгію-2012" плянавалі абмеркаваць падчас канфэрэнцыі "Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў стратэгіі будучыні", што мела адбыцца 18 – 19 сакавіка. Аднак арганізатарам адмовілі ў памяшканьні. Таму канфэрэнцыя пераносіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG