Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША замарозілі больш лібійскіх грошай, чым чакалі


25 лютага прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў распараджэньне ад замарожаньні фінансавых актываў рэжыму Муамара Кадафі, якія знаходзяцца ў амэрыканскіх банках. Амэрыканскія фінансавыя інспэктары ўстанавілі, што пад гэтыя санкцыі падпадаюць 32 мільярды даляраў – сума значна большая, чым яны спачатку меркавалі.

Амэрыканскія банкі абавязаныя рэгулярна дакладваць ураду аб актывах замежнікаў на сваіх рахунках. Паводле апошняга такога дакладу, усе юрыдычныя і фізычныя асобы з краінаў-экспартэраў нафты ў Афрыцы (уключна зь Альжырам, Габонам, Лібіяй і Нігерыяй), трымалі ў амэрыканскіх банках 13,5 мільярда даляраў, піша сёньняшняе выданьне Financial Times.

Адкуль тады ўзяліся 32 мільярды даляраў выключна лібійскіх грошай і каштоўных папераў?

Па-першае, амэрыканскія фінансавыя інспэктары высьветлілі, што лібійскія грошы ў шматлікіх выпадках апынуліся ў амэрыканскіх банках праз ланцужок банкаў-пасярэднікаў і рахункаў-пасярэднікаў (гэтак званых "амнібусных" рахункаў). Інакш кажучы, лібійскі ўрад мог разьмясьціць свае аблігацыі ў нямецкіх або швайцарскіх банках, а яны апынуліся ў банкаўскай сыстэме ЗША ў выніку далейшых фінансавых апэрацый згаданых банкаў у Нямеччыне і Швайцарыі.

Па-другое, згаданыя рэгулярныя даклады амэрыканскіх банках аб рахунках замежнікаў датычаць адно актываў ня меншых за 100 мільёнаў даляраў. А замарожаньне лібійскіх актываў датычыць усіх сумаў бяз вынятку. Гэта таксама паўплывала на тое, што сума заблякаваных лібійскіх актываў выявілася нечакана высокай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG