Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: "Я зраблю ўсё, каб зьнік канцлягер у цэнтры Менску"


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч
28 лютага экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта, абвінавачаны па справе аб падзеях 19 сьнежня, Аляксей Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў перад тым як выйсьці з ізалятара на падпіску пра нявыезд.



Міхалевіч пра катаваньні ў СІЗА КДБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:44 0:00
Наўпроставы лінк



Аляксей Міхалевіч, які тыдзень таму быў адпушчаны са сьледчага ізалятара КДБ на падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, адну таямніцу "амэрыканкі" вырашыў зрабіць вядомай грамадзтву: КДБ катуе вязьняў ізалятара:

"На сёньняшні дзень сьледчы ізалятар КДБ Рэспублікі Беларусь ператварыўся ў канцэнтрацыйны лягер. Тое, што там адбываецца, цалкам падпадае пад міжнародную канвэнцыю ў пытаньнях катаваньняў".

Катаваньнямі Алесь Міхалевіч назваў фізычныя і маральныя зьдзекі зь вязьняў — так званыя "расьцяжкі" і выкручваньні рук у кайданках, вывад голымі на холад, доўгае стаяньне ля сьцяны амаль у шпагаце, прымусовае знаходжаньне ў памяшканьні са сьвежапафарбаванай падлогай з пахам ацэтону, абразы, пагрозы, маральны ціск.

Міхалевіч апісвае катаваньні ў СІЗА КДБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00
Наўпроставы лінк



Адразу пасьля арышту ад Міхалевіча запатрабавалі, каб ён выступіў па БТ з напісаным у КДБ тэкстам з асуджэньнем іншых кандыдатаў на прэзыдэнта. Калі ён адмовіўся, то трапіў пад зьдзекі і катаваньні, а сьледчыя дзеяньні зь ягоным удзелам праводзіліся без адвакатаў, з парушэньнем законаў.
я ніколі ня быў і ня буду агентам КДБ ...

"Па выніках гэтага ціску мне быў прапанаваны адзіны варыянт, пры якім я магу вызваліцца і выйсьці пад падпіску пра нявыезд. Гэтым варыянтам было падпісаньне дамовы пра супрацоўніцтва з КДБ, а менавіта, што я павінен быў стаць агентам КДБ. Не пад узьдзеяньнем катаваньняў, а для таго, каб заявіць пра ўсе тыя злачынствы, якія там творацца, пра ўсе катаваньні, я пайшоў на гэты крок. Я падпісаў дакумэнт аб тым, што станаўлюся таемным супрацоўнікам КДБ. Але я хачу сказаць, што я ніколі ня быў і ня буду агентам КДБ. Прашу ўспрымаць маю сёньняшнюю заяву як публічную адмову ад супрацоўніцтва. Прашу лічыць тую паперу несапраўднай і такой, якая ня мае ніякай сілы".

Алесь Міхалевіч зазначыў, што сьледчыя, якія вядуць яго справу, у катаваньнях удзелу не прымалі, але і ніяк не рэагавалі на ягоныя паведамленьні пра зьдзекі.

Спадар Міхалевіч зазначыў, што поштай падаў заяву пра катаваньні ў КДБ у Генэральную пракуратуру Беларусі і ўпаўнаважанаму ААН па катаваньнях.

КДБ хоча фізычна і маральна зламаць палітвязьняў, перакананы Міхалевіч, і таму КДБ адмыслова не дапускае да іх адвакатаў, каб схаваць гэтыя катаваньні.

"Я як грамадзянін павінен зрабіць усё магчымае, каб гэтыя катаваньні спыніліся і каб канцэнтрацыйны лягер у цэнтры Менску спыніў існаваньне".

Спадар Міхалевіч не выключае, што сёньняшняя заява будзе яму дорага каштаваць:

"Ужо сёньня я магу апынуцца зноў у сьледчым ізалятары. Я ўпэўнены, што мой абавязак як грамадзяніна — распавесьці пра тыя ўсе злачынствы, якія робяцца ў сьледчым ізалятары. Таму я спакойна стаўлюся да таго, што магу зноў туды трапіць, і разумею, што ўмовы будуць нашмат горшыя, разумею, што мне будуць помсьціць".

Алесь Міхалевіч выказаў упэўненасьць, што іншым палітвязьням таксама прапаноўвалі падпісаць дамовы аб супрацоўніцтве з КДБ, і заклікаў іх распавесьці пра гэта і тым самым паламаць сцэнар уладаў. Ён заявіў, што застаецца законапаслухмяным і не зьбіраецца пакідаць Беларусь да канца сьледзтва. Ён ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым.

Алесь Міхалевіч распавёў, што ў камэры зь ім не было іншых палітвязьняў, але ён чуў, як катуюць у суседніх камэрах. Распавёў і пра сваё часовае знаходжаньне ў СІЗА на Валадарцы — у самай горшай камэры, дзе на 15 чалавек было 8 спальных месцаў і дзе таксама зьдзекаваліся зь вязьняў.

Тэкст заявы і камэнтары да яе можна прачытаць ТУТ.

-----------------------

Заява экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Алеся Міхалевіча аб ужываньні катаваньняў у СІЗА Камітэту дзяржбясьпекі не адпавядае рэчаіснасьці, і гэтым выказваньнях нельга верыць, заявіў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч. Ён не адказаў на пытаньне, ці можа А.Міхалевіч быць прыцягнуты да адказнасьці за паклёп.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG