Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Аўтарадыё" папрасіла дапамогі прафэсара матэматыкі


Belarus -- Autoradio logo
Belarus -- Autoradio logo

24 лютага ў Вышэйшым гаспадарчым судзе адбудзецца разгляд двух пазоваў "Аўтарадыё" – да Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні, а таксама да Міністэрства інфармацыі. Радыёстанцыя просіць прызнаць незаконнымі рашэньне камісіі спыніць вяшчаньня "Аўтарадыё" ад 12 студзеня і папярэджаньне Мінінфарму. Гэта ўжо трэцяе паседжаньне суду.

Абодва папярэднія паседжаньні былі закрытымі, журналістаў не пусьцілі. Першае, як тлумачыў судзьдзя Валеры Шобік, было падрыхтоўчым, калі судзьдзя вывучае дакумэнты і высьвятляе пазыцыі бакоў, другое -- працэсуальным. Генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан выклаў свае прэтэнзіі, зь якімі ён зьвярнуўся ў суд:

"Першы пазоў – гэта папярэджаньне, якое вынесена, як потым аказалася, за фразу ў агітацыйным матэрыяле Саньнікава "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Яна была ўспрынята Міністэрствам інфармацыі як заклік, і па іх меркаваньні зьяўляецца экстрэмісцкім. Радыёстанцыю "выключылі" без суду, рашэньня суду, як гэтага патрабуе закон, няма".

Другі пазоў – скасаваньне папярэджаньня Міністэрства інфармацыі пра тое, што "Аўтарадыё" не выконвала творчай канцэпцыі. Прадстаўнікі Мінінфарму кажуць, што праводзілі маніторынг вяшчаньня з 30 сьнежня па 5 студзеня, усе навагоднія сьвяты. У судзе прадстаўнік Мінінфарму патлумачыў, што ўвесь эфір запісваўся, потым праслухоўваўся, і 10 студзеня ўжо быў складзены акт пра парушэньні, распавёў Юры Базан:

"Пасьля гэтага было два выходных, а потым ужо за тры дні сем чалавек нейкім чынам адслухалі увесь эфір сямі сутак і нешта там налічылі. Прычым, у гэтым акце няма ніякага падзелу на праграмы, рэкляму, тэматычныя накірункі. Няма ніякіх паказчыкаў, што яны вымералі! Але склалі табліцу, што мы парушылі канцэпцыю вяшчаньня ў працэнтных адносінах тэматычных прапорцый".

На сайце Мінінфрму ёсьць інструкцыя, што павінны дакладна выконвацца суадносіны навінаў, музыкі, праграм, рэклямы -- усе лічбы трэба пазначаць у адсотках. Але, кажа Юры Базан, аб'ём рэклямы немагчыма пазначыць нейкай стабільнай лічбай, бо рэкляма залежыць ад рынкавых умоваў, і заўсёды будзе вагацца. Адпаведна, будуць вагацца і ўсе астатнія лічбы:

"Мы зьвярнуліся да прафэсара матэматыкі, і ён нам чыста матэматычна пралічыў – ня з пункту гледжаньня вяшчаньня, а з пукнту гледжаньня матэматыкі пры адной пераменнай велічыні наагул ня можа выконвацца".

Патрабаваньне такой творчай канцэпцыі не адпавядае артыкулу 7 Закона аб СМІ – "Прафэсійная самастойнасьць рэдакцый", перакананы Юры Базан.

"То бок рэальна рэдакцыя ня мае наагул ніякіх правоў: то бок кожны тыдзень з дакладнасьцю да сэкунды павінна быць аднолькавая працягласьць праграм, рэклямы і музыкі. Да сэкунды! На сэкунду ўправа, улева – ужо парушыў, ужо цябе могуць закрыць".

Юрыст, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец такім чынам ацэньвае шанцы бакоў:

"Я вывучаў пазовы, пярэчаньні, і на мой погляд, юрыдычныя пазыцыя "Аўтарадыё" выкладзена вельмі дакладна, і мне яна куды больш зразумелая, чым пазыцыя Міністэрства інфармацыі. Але якое рашэньне прыме Вышэйшы гаспадарчы суд, тут ужо прагназаваць вельмі складана. І, на жаль, гэта не заўсёды залежыць ад таго, наколькі дакладна выкладзены пазыцыі бакоў, і наколькі яны грунтуюцца на праве".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG