Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт вырашыць фармат Дня Волі


У сядзібе БНФ у Менску 9 лютага адбудзецца пашыранае пасяджэньне аргкамітэту па адзначэньні Дня Волі 25 сакавіка. Арганізатары заяўляюць, што асноўным лёзунгам акцыі стане патрабаваньне да ўладаў вызваліць палітвязьняў і спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў.

У папярэднім абмеркаваньні фармату акцыі, якое адбылося ўвечары 8 лютага, узялі ўдзел прадстаўнікі БНФ (Аляксей Янукевіч), Руху "За свабоду" (Аляксандар Мілінкевіч), Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі (Віталь Рымашэўскі), "Эўрапейскай Беларусі" (Віктар Івашкевіч) і "Маладога фронту" (Мікола Дземідзенка). Чакаецца, што сёньня да іх далучацца прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і іншых суб'ектаў дэмсілаў. Рашэньне адносна фармату акцыі і падачы заяўкі пакуль не прынятае. Аднак асноўнымі лёзунгамі, паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, стануць "Свабода палітвязьням!" і "Абаронім незалежнасьць!":

"Безумоўна, мы вельмі хацелі б спадзявацца, каб да 25 сакавіка не было палітычных зьняволеных за кратамі. Аднак, улічваючы як сёньня разгортваюцца падзеі, гэта нельга з упэўненасьцю сьцьвярджаць. І ў такіх умовах яўным лейтматывам усіх акцыяў дэмсілаў становіцца абарона рэпрэсаваных, салідарнасьць, патрабаваньне неадкладна вызваліць палітвязьняў і зьняць зь іх абвінавачаньні".

Адзін зь лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі сказаў, што БХД будзе адным з арганізатараў і заяўнікаў акцыі на 25 сакавіка, як гэта было і раней:

"Я думаю, што гэта акцыя будзе насамрэч салідарнай, што яна будзе акцыяй салідарнасьці. І што яна дасьць новы штуршок для ўзбуджэньня беларускага грамадзтва пасьля падзей 19 сьнежня і пасьля гэтых рэпрэсій. Я перакананы, што 25 сакавіка вельмі шмат людзей будзе і гэта будзе больш, чым у мінулым годзе".

Паводле Рымашэўскага, аргкамітэт адзначэньня Дня Волі павінен быць адкрытым для ўсіх. Таму сёньня пройдзе пасяджэньне каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў:

"Мы прапануем усім жадаючым далучыцца. Я перакананы, што не будзе абыякавых людзей, якія б не далучыліся да правядзеньня гэтай акцыі, не будзе абыякавых палітычных ці грамадзкіх структураў. Будзем спадзявацца, што акцыя будзе сумеснай і не будзе ніякага перацягваньня канату".

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін адзначыў, што яго партыя далучыцца да акцыі 25 сакавіка:

"Акцыя гэта павінна быць, гэта адназначна, бо гэта сьвята для беларускага народа. Тут не так важны маршрут ці яшчэ што. Важна, колькі зьбярэцца ўдзельнікаў. І калі гэта нават будзе на плошчы Бангалор, і туды прыйдзе 30 тысяч чалавек, гэта будзе значна мацней, чым 500 храбрацоў, якія пройдуць, напрыклад, ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы ці да плошчы Якуба Коласа. Усё залежыць ад таго, ці падтрымае гэта наша грамадзтва".

Паводле спадара Марголіна, лёзунгі на акцыі могуць быць усялякія, але асноўным павінен быць аб вызваленьні палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG