Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступіў на "Свабодзе" — страціў месца ў дзяржаўнай ВНУ


Студэнты вышэйшых навучальных устаноў, якія бралі ўдзел у выбарчай кампаніі на баку дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты, зазнаюць цяпер перасьлед. Зафіксаваныя першыя выпадкі выключэньня з вучобы і неабгрунтаванага зьніжэньня адзнак на экзамэнах зімовай сэсіі. Таксама нашы рэгіянальныя карэспандэнты паведамляюць пра працяг ператрусаў і допытаў дэмакратычных актывістаў у крымінальнай справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Ператрусы ў актывістаў, адлічэньні студэнтаў

У Баранавічах супрацоўнікі міліцыі і КДБ правялі ператрусы ў кватэрах Тацьцяны Малашчанкі і Вячаслава Болбата. У Берасьці хваля рэпрэсій закранула студэнтаў.

На працягу дня 21 студзеня мабільныя тэлефоны Тацьцяны Малашчанкі і Вячаслава Болбата былі адключаныя. Супрацоўнікі міліцыі і КДБ прыйшлі зь ператрусамі на кватэры актывістаў а дзясятай раніцы, кажа старшыня баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца:

"Каля дзясятай гадзіны да Вячаслава Болбата прыйшлі шэсьць супрацоўнікаў міліцыі і КДБ з намерам правесьці ператрус. Вячаслаў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева па Баранавічах, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім раёнах. Ён пасьпеў паведаміць, што да яго прыйшлі, болей міліцыянты не дазволілі яму гаварыць па тэлефоне".

Літаральна праз гадзіну пасьля пачатку ператрусу ў кватэры Вячаслава Болбата пачаўся ператрус у кватэры Тацьцяны Малашчанкі. Тацьцяна падчас прэзыдэнцкай кампаніі была ў ініцыятыўнай групе Віталя Рымашэўскага. У яе кватэру наведаліся восем чалавек, пасьпела паведаміць Тацьцяна:

"Вось зайшлі тры чалавекі ў форме, астатнія ў цывільным. Я не адчыняла ім некаторы час дзьверы. Калі ж яны ўвайшлі, то трое паказалі пасьведчаньні супрацоўнікаў КДБ. Зь імі два панятыя. Але мне падаецца, што яны таксама міліцыянты ў цывільным".

У Берасьці актывісту партыі АГП Аліну Літвінчук выключылі з унівэрсытэту. Дэкан факультэту замежных моваў Сяргей Севярын выклікаў Аліну Літвінчук у дэканат і паведаміў, што ёй тут ня месца, кажа Аліна:
я ня маю права даваць такія камэнтары, бо навучаюся ў дзяржаўнай ВНУ ...

"Мяне не дапусьцілі да экзамэнаў. Я цалкам была падрыхтаваная да заліку. Дэкан ведаў усю гэтую сытуацыю. Перад апошнім экзамэнам ён выклікаў мяне да сябе і пытаўся наконт артыкула, які быў на Радыё Свабода, дзе гаварылася, што мяне могуць адлічыць. Ён сказаў, што я ня маю права даваць такія камэнтары, бо навучаюся ў дзяржаўнай ВНУ. Пры гэтым ён сказаў, што мне тут ня месца".

Пасьля гэтага Аліну адлічылі. Цяпер ужо былая студэнтка філялягічнага факультэту кажа, што ўва ўсе дэканаты Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту паступілі сьпісы студэнтаў, якіх могуць адлічыць з ВНУ:

"Такія сьпісы, наколькі я чула, паступілі на кожны факультэт. У гэтых сьпісах пазначана, хто куды езьдзіў, хто што рабіў, чым займаўся".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Тэрор людзей не запалохаў

У Магілёве двух удзельнікаў акцыі салідарнасьці будуць судзіць. У самім жа рэгіёне шырыцца збор подпісаў за вызваленьне палітвязьняў.

Сёньня васемнаццацігадовага актывіста партыі БНФ Валянціна Лабачова й шматдзетную маці Натальлю Шкадун зьвінавацілі ва ўдзеле 16 студзеня ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Андрэй Цецерукоў склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Справу ён ужо перадаў у Ленінскі суд.

Натальля Шкадун
"Ён напісаў у пратаколе, што я выказвала пратэст супраць затрыманьня Статкевіча й Лябедзькі. Я не лічу сябе вінаватай. Я выказвала сваё меркаваньне. Пакуль я не магу сказаць, ува што мне гэта ўсё выльецца. Цалкам верагодна, што зараз пачнуцца мерапрыемствы супраць мяне, што я дрэнна выконваю свой бацькоўскі абавязак. Некаторыя захады ўжо пачалі ажыцьцяўляцца. Сына ўчора выклікалі на гутарку безь мяне",-- зазначае Натальля Шкадун.

Валянціна Лабачова ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве паўгода таму. Тады яму далі пяць базавых штрафу. Цяпер будзе болей, лічыць ён:

Валянцін Лабачоў
"Цяпер я магу атрымаць да 30 базавых штрафу. Я сябе вінаватым не лічу, бо я меў права выйсьці й падтрымаць палітвязьняў. Гэта не было пікетаваньнем. Мы проста стаялі з партрэтамі палітвязьняў".

16 студзеня дзясятак актывістаў выйшлі на пешаходную вуліцу Ленінскую і правялі акцыю салідарнасьці з палітзьняволенымі. У руках кожны з удзельнікаў трымаў партрэты былых кандыдатаў у прэзыдэнты, іх давераных асобаў ды грамадзкіх актывістаў, арыштаваных у дзень і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Тым часам у некалькіх раёнах Магілёўшчыны актывісты партыі БНФ і грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" распачалі збор подпісаў за вызваленьне палітвязьняў.

На Бялыніччыне подпісы зьбірае сябра партыі БНФ Барыс Вырвіч. Людзі падпісваюцца, каб падтрымаць зьняволеных актывістаў, кажа ён. За тры дні сабрана тры дзясяткі подпісаў:

"Шмат людзей баяцца, аднак даволі шмат людзей, якія не баяцца. Гэта нават і не актывісты, як кажуць, апазыцыі. Яны лічаць: калі сядзіць амаль палова кандыдатаў у прэзыдэнты за кратамі, а астатнія пад сьледзтвам, — людзі сядзяць там незаконна".

Валеры Каранкевіч
У самым аддаленым Хоцімскім раёне зьбірае подпісы актывіст "Гавары праўду" і партыі БНФ Валер Каранкевіч. За два дні ён сабраў 27 подпісаў.

"Я й сам уражаны, што, нягледзячы на ўсе гэтыя рэпрэсіі, тэрор, людзі застаюцца людзьмі. Яны ведаюць, што й да іх могуць быць рэпрэсіі з боку ўладаў — яны ўсё адно аддаюць свае подпісы. Я думаў, што народ наш сябе не паважае, але гэта ня так".


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Прызначаны тэрміны новых судоў


Перасьлед удзельнікаў Плошчы на Гарадзеншчыне працягваецца: судзяць за ўдзел у пікеце падчас выбарчай кампаніі. Студэнтам, якія не хацелі ісьці на датэрміновыя выбары, зьнізілі адзнакі на іспытах у час сэсіі.

Сёньня наваградзкія актывісты атрымалі позвы ў суд за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце падчас выбарчай кампаніі. Сяргей Воўчак, Дар’я Бахар і Ўладзімер Качагура раздавалі агітацыйныя ўлёткі кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, але не паведамілі заранёў пра гэта ў гарвыканкам.

Уладзімер Качагура распавядае, што падчас пікету да іх падышоў міліцыянт і папярэдзіў, каб яны прыбралі трыногу з плякатам кандыдата, паколькі іх дзеяньні выглядаюць як пікетаваньне. Са слоў Качагуры, яны адрэагавалі на заўвагу прадстаўніка правапарадку і надалей папросту раздавалі мінакам улёткі.

З гэтае прычыны актывісты і ня лічаць сябе вінаватымі. Сяргей Воўчак кажа, што пойдзе на суд, але відавочна, што пакараць іх хочуць ня столькі за пікет, колькі за ўдзел у Плошчы.
мы адзіная апазыцыя ў гэтым горадзе, таму нас і турбуюць ...

"У прынцыпе, мы адзіная апазыцыя ў гэтым горадзе, таму нас і турбуюць. Думаю, калі б ня гэты пікет, то знайшлі б што-небудзь іншае, каб пакараць. Відаць, за 19-га нас пакараць ня могуць, ну дык вось знайшлі такое парушэньне".

Дар’я Бахар тройчы адмаўлялася ісьці на размову ў КДБ, матывуючы тым, што ёй ніводнага разу не даслалі законнай позвы. А наконт суду яна кажа, што ўлады любым чынам імкнуцца пакараць іх вальнадумства.

"Пасьля выбараў, я так думаю, далі загад зачысьціць усіх актыўных людзей у краіне. А ў нас, акрамя пікета, нічога не знайшлі, то будуць судзіць за гэта. Што скажаш — беззаконьне працягваецца".

За палітычную непаслухмянасьць — ніжэйшыя адзнакі

У ВНУ завяршаецца зімовая сэсія. Студэнткі гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, якія адмаўляліся на загад кіраўніцтва факультэту ісьці на датэрміновае галасаваньне, атрымалі адзнакі ніжэйшыя, чым звычайна. Дзяўчаты распавядалі, што дэкан і некаторыя выкладчыцы дагэтуль зь імі не размаўляюць.

Вось што распавядала адна з студэнтак пра тое, як ёй даводзілася здаваць залік у гэтай сэсіі.

Дзяўчына: "У мяне адзін залік толькі быў, я яго здавала своечасова, але мне не паставілі адзнаку, загадалі перарабіць працу — перарабіла, потым сказалі зрабіць на новую тэму. І гэта я зрабіла. Ніхто мяне не шкадаваў, я рабіла ўсё, што яны мне загадвалі, і ўрэшце не маглі прыдрацца, паставілі залік моўчкі і папярэдзілі: каб такога болей не было…"

28 студзеня ў Менску зноў будуць судзіць Андрэя Пачобута

Андрэй Пачобут
У студзені гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут быў пакараны штрафам — 1 мільён 750 тысяч рублёў за тое, што яго затрымалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году. Аднак пракуратуру Кастрычніцкага раёну сталіцы такі прысуд не задаволіў, і яна накіравала пратэст у менскі Кастрычніцкі суд. Перадае Сяргей Івановіч.

Паведамленьне наконт пратэсту з пракуратуры атрымаў сам журналіст Андрэй Пачобут, які працуе для польскай "Gazety Wyborczej" і жыве ў Горадні. Яго меркаваньне:

"Гэты трэці падыход да асуджэньня мяне па гэтай справе выкліканы, перш за ўсё, тым, што ўлады самі ня ведаюць, чаго яны хочуць, і проста выкарыстоўваюць гэтую справу для ціску пэўнага. Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, выклікана тым, што пракуратура не задаволеная "лагоднасьцю" прысуду. Хутчэй за ўсё, ён будзе больш жорсткі, але псыхалягічна я да гэтага падрыхтаваны".

Трэба нагадаць, што пасьля затрыманьня Андрэя Пачобута на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ён цэлую ноч знаходзіўся ў аўтазаку, затым яго даставілі ў суд, але там выпусьцілі. Пазьней яго з Горадні ўначы даставілі ў Менск, каб пакараць, і далі штраф.

Чаго чакае Андрэй Пачобут ад касацыйнай інстанцыі, якая мае разгледзець пратэст пракуратуры 28 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе?

"Згодна зь беларускім заканадаўствам я не абавязаны прысутнічаць на разглядзе справы ў касацыйнай інстанцыі. Разам з тым можа быць вынесена рашэньне адмяніць прысуд і накіраваць справу на новы разгляд, а можа — адразу — пакараць мяне адміністрацыйным арыштам. Я яшчэ рашэньня не прыняў: паеду ці не на гэты разгляд гэтай справы ў Менск. Думаю, што параюся з адвакатам і разам прымем канчатковае рашэньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG