Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бахарэвічава “Сарока” загаварыла па-нямецку


У баварскім горадзе Пасаў у папулярным клюбе Scharfrichterhaus (Дом кáта) 11 студзеня адбылася прэзэнтацыя нямецкага перакладу кнігі Альгерда Бахарэвіча “Сарока на шыбеніцы”. Кніга “Die Elster auf den Galgen” выйшла ў лістападзе 2010 году ў перакладзе Томаса Вайлера ў выдавецтве Leipziger Literaturverlag.

“In circa fünf Minuten ist sie tot. Später, bei der Beerdigung, wird sich ihr Chef dann ein wenig zusammenreißen müssen auf der Suche nach den richtigen Worten…” З гэтымі радкамі адбываецца першае знаёмства нямецкага чытача з творчасьцю Альгерда Бахарэвіча. Апошні раз пераклады беларускай прозы зь беларускай мовы (без пасярэдніцтва расейскай) выходзілі ў Нямеччыне каля 30 гадоў таму, яшчэ за камуністычным часам.

Горад Пасаў, разьмешчаны ў сутоку трох рэк - Дунаю, Іну і Ільцу - на мяжы Нямеччыны, Чэхіі і Аўстрыі налічвае каля 50 тысячаў жыхароў, зь іх 10 тысячаў - студэнты. Студэнты і прафэсары мясцовага ўнівэрсытэту і склалі асноўную аўдыторыю прэзэнтацыі, арганізаванай з ініцыятывы Ганны Штэле, студэнткі аддзяленьня дасьледаваньняў Расеі і Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і супрацоўніцы адмысловай Групы дасьледаваньня Расеі.

Адкрыў сустрэчу і пазнаёміў прысутных з госьцем і ягонай творчасьцю загадчык катэдры славянскіх літаратураў і культураў прафэсар Дырк Уфэльман. Пасьля аўтар і перакладчык чыталі фрагмэнты кнігі - у арыгінале і ў перакладзе - і адказалі на шматлікія пытаньні. Сустрэча працягвалася каля трох гадзінаў.

Альгерд Бахарэвіч, аўтар шасьці кніг, жыве ў Нямеччыне ад 2007 году. Паасобныя ягоныя творы перакладаліся на польскую, літоўскую, расейскую, чэскую мовы, у 2008 годзе ў Уроцлаве выйшаў у польскім перакладзе зборнік апавяданьняў “Талент заіканьня”. І вось, напрыканцы мінулага году ў Ляйпцыгу выйшаў першы пераклад на замежную мову цэлага раману - ”Сарока на шыбеніцы”.

Перакладчык Томас Вайлер паводле адукацыі - славіст, спэцыяліст у расейскай і польскай мовах і літаратурах.

Свой вайсковы тэрмін - паўтара года - Томас правёў на альтэрнатыўнай службе і, як і дзясяткі ягоных маладых суайчыньнікаў працаваў у мэдычнай сыстэме Беларусі, у псыхіятрычным шпіталі ў Навінках. Побыт у Менску Томас Вайлер выкарыстаў для паглыбленьня сваіх ведаў у галіне русістыкі, але разам з тым адкрыў для сябе новы сьвет - Беларусь. Там і адбылося яго першае знаёмства зь беларускай літаратурай і літаратарамі. Вярнуўшыся ў Нямеччыну, ён вырашыў дапамагчы засвойваць амаль невядомы нямецкаму чытачу літаратурны кантынэнт. Ягоным першым выбарам сталася Бахарэвічава “Сарока на шыбеніцы”.

“Найбольшыя праблемы ўзьніклі пры перакладзе трасянкі, - наракае на цяжкасьці перакладчык, які выдатна сам гаворыць па-беларуску. - Вырашаць іх даводзілася па-розману. Напрыклад, там, дзе аўтар ужывае трасянку для характарыстыкі людзей, якія гавораць штампаванай канцылярскай мовай, я зьвярнуўся да моўнага досьведу былой ГДР і стылізаваў тыя фрагмэнты пад мову камуністычных чыноўнікаў”.

Томас Вайлер падзяліўся і сваімі далейшымі плянамі - ён зьбіраецца перакласьці “пасьлямову” Альгерда Бахарэвіча да перакладу кнігі Вільгельма Гаўфа “Халоднае сэрца”.

Сустрэчу адкрывае праф. Дырк Уфэльман





Ганна Штэле

Госьці прэзэнтацыі (фота: http://rrg-community.blogspot.com)


(фота: http://rrg-community.blogspot.com)

Прэзэнтацыя кнігі Бахарэвіча ў Нямеччыне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG