Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў «Вызваленьня» прыняў нунцый Марцін Відавіч


Актывісткі грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленьне», якую заснавалі сваякі новых беларускіх палітвязьняў, сустрэліся з апостальскім нунцыем арцыбіскупам Марцінам Відавічам. Дыпляматычнаму прадстаўніку Ватыкану яны перадалі зварот да папы рымскага з просьбай аб малітве і спрыяньні ў справе вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі.

Да арцыбіскупа Марціна Відавіча сваякі зьняволеных патрапілі з другой спробы. На пачатку сустрэчы высьветлілі непаразуменьні, якія здарыліся з тэхнічных прычын, а затым адбылася працяглая гутарка, паведаміла адна з удзельніц сустрэчы, жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі Вольга:

«Мы гутарылі каля дзьвюх гадзін, і гэта была вельмі добрая гутарка. Мы распавялі пра ўсе праблемы, зь якімі сутыкнуліся. Я, праўда, моцна нэрвавалася і паплакала нават, хоць апошнім часам ня плакала ўвогуле. Таксама перадалі ліст да папы, дзе напісалі пра падзеі 19 сьнежня і пра зьняволеных. Прасілі ягонай дапамогі і малітвы. Нунцый нас дабраславіў, каб у нашых сем’ях усё было добра».

Гэтымі днямі таксама працягваецца збор подпісаў пад хадайніцтвам аб зьмене меры стрыманьня для палітвязьняў пад асабістую адказнасьць падпісантаў-паручальнікаў, якую распачала партыя БНФ. Гаворыць намесьнік старшыні партыі і былы кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў
«Справа паручальніцтва знайшла падтрымку ў людзей, і зараз сюды, на сядзібу, ідзе шмат людзей штодня, каб падпісацца за зьняволеных. У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам мы перададзім гэтыя лісты ў пракуратуру. Таксама ў нас працягваецца падтрымка людзей рэпрэсаваных, якія адбылі тэрміны адміністрацыйнага арышту. Акрамя таго, мы яшчэ працуем, каб адстойваць сядзібу: зараз многія падыходзяць і бяруць блянкі лістоў да старшыні Менгарвыканкаму».

Праваабаронцы гэтымі днямі даюць юрыдычную кансультацыю вызваленым пасьля адміністрацыйнага зьняволеньня, якіх выключаюць з ВНУ і звальняюць з працы. Больш за сотню такіх людзей зьвярнуліся ў праваабарончы цэнтар «Вясна» і Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць». Гаворыць намесьніца старшыні камітэту Эніра Браніцкая:

Эніра Браніцкая
«Такіх людзей шмат: і тыя, хто адбыў зьняволеньне, і сваякі тых, хто праходзіць па крымінальнай справе, і шмат новых людзей, якія ўвогуле ня ведаюць, куды бегчы і што рабіць. Часта яны ў цяжкім маральным стане, і часам трэба расказаць, як перадаць перадачу, часам я распавядаю, што была там, што там таксама ёсьць людзі. Часта патрэбная менавіта маральная дапамога — давесьці людзям, што гэта не канец, што трэба перадаваць перадачы, што будуць працаваць адвакаты, міжнародная супольнасьць — часта трэба проста размаўляць зь людзьмі».

Палітычныя, праваабарончыя і грамадзкія арганізацыі таксама скіравалі зварот да Эўрапейскай супольнасьці, каб тая паспрыяла ў вызваленьні палітвязьняў і ў правядзеньні новых свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG