Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Грыбаўскайце заклікае аблегчыць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце зьвярнулася зь лістом да прэзыдэнта Рады кіраўнікоў Эўразьвязу Германа ван Ромпэя і старшыні Эўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу з заклікам пашукаць сродкі для як найхутчэйшага аблягчэньня руху ў Шэнгенскай прасторы і спрашчэньня працэдуры атрыманьня візаў для грамадзянаў Беларусі незалежна ад магчымых санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да беларускага кіраўніцтва. Пра гэта паведамляе літоўскае афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва ELTA.

Паводле літоўскай кіраўніцы, вельмі важна, каб беларусы маглі езьдзіць у краіны Эўразьвязу на ня менш спрыяльных умовах і плаціць за візы не даражэй, чым грамадзяне іншых усходніх суседзяў ЭЗ.

«Выбары ў Беларусі ў сьнежні 2010 году і падзеі пасьля іх паказалі, што цяпер найбольш актуальнае пытаньне – сытуацыя з правамі чалавека і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі ў Беларусі, удзельніцы АБСЭ і суседняй з намі краіны. Эўрапейскі Зьвяз у імкненьні дэмакратызаваць Беларусь спрабаваў розныя сродкі супрацоўніцтва і ўзьдзеяньня ў дачыненьні да Беларусі. На жаль, тыя сродкі, якія паспрыялі ізаляцыі грамадзянаў гэтай краіны, не апраўдалі сябе. Таму неабходна шукаць новых спосабаў супрацоўніцтва зь Беларусьсю», - гаворыцца ў лісьце Д.Грыбаўскайце кіраўнікам ЭЗ.

Паводле прэзыдэнта Літвы, толькі аблегчыўшы магчымасьці руху для бальшыні грамадзянаў Беларусі і разам з тым іх кантакты з грамадзянамі ЭЗ, можна паспрыяць лібэралізацыі ў гэтай краіне.

У лісьце Д.Грыбаўскайце, які цытуе прэзыдэнцкая прэсавая служба, прапануецца абмеркаваць гэтыя праблемы на сустрэчах Рады замежных справаў і Рады кіраўнікоў Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG