Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш чым меншасьць


Уладзімер Мацкевіч


Цікавая нота прагучала ў навагоднім звароце А.Лукашэнкі да беларускага народу. Упершыню на маёй памяці прэзыдэнт кажа аб меншасьці як аб паўнапраўнай частцы беларускага народа. Ва ўсіх, хто сочыць за палітычным жыцьцём у краіне, у памяці знакамітае пажаданьне прэзыдэнта нязгодным зь яго палітыкай – “шукайце сабе іншую радзіму”. Цяпер гэта меншасьць не толькі трапіла ў склад народа, але і ёй адрасаванае навагодняе віншаваньне.

Больш за тое, прэзыдэнт прызнаў права меншасьці на “...свой пункт гледжаньня, асаблівае разуменьне пабудовы сьвету і разьвіцьця нашай краіны. Гэта ваша права, якое адабраць у вас ніхто не можа”. Вельмі дэмакратычная заява. Сапраўды, у кожнага чалавека, у кожнай меншасьці ёсьць неад'емнае права на свой пункт гледжаньня, на сваё разуменьне разьвіцьця краіны. І ніхто ня можа гэтага права адабраць.

Наіўна думаць, што прэзыдэнт размаўляе па паперцы, якую для яго нехта напісаў, што ён гаворыць з чужых слоў, як бы сказанае сёньня не разыходзілася з усім тым, што ён казаў учора і заўсёды. Аляксандар Лукашэнка практычна заўсёды гаворыць тое, што думае. Таму нельга сказанае ім разумець у адрыве ад кантэксту. Калі ўзяць ізалявана толькі гэтыя словы, то можна падумаць, што прэзыдэнт раптам стаў дэмакратам. Гэта яшчэ больш наіўна.

Уважліва слухаючы прэзыдэнта мы чуем: "Але вы павінны ведаць: ваша меркаваньне нам не абыякавае. І мы разам з пераважнай большасьцю нашага народа будзем змагацца за вас, вашы погляды. Мы будзем шукаць шляхі да вашых розумаў і сэрцаў ...”. Прэзыдэнт зьмяніў бы сам сабе, калі б не ўдакладніў свой уласны пункт гледжаньня. А пасьля ўдакладненьня гэты пункт гледжаньня не выглядае такім ужо дэмакратычным.

Хоць, здавалася б, у большасьці таксама нельга адабраць права на сваю пазыцыю, і нельга адабраць правы на спробы схіліць меншасьць на свой бок. І гэтае права выяўленае прэзыдэнтам таксама цалкам ляяльна і амаль дэмакратычна: “мы будзем змагацца за вас, вашы погляды”. Але слушна спытаць, а ці застаецца за меншасьцю права на тое ж самае? Ці можа меншасьць “змагацца за вас, вашы погляды”?

Рыторыка і спосаб гаварэньня вельмі важныя для разуменьня сказанага. Трэба адзначыць, што гаворка ідзе не аб барацьбе зь меншасьцю, а аб барацьбе “за розумы і сэрцы”, г.зн. ня супраць людзей, а за ўплыў на гэтых людзей. І гэта правільна, таму прэзыдэнт дадае: “... таму што інакш немагчыма аб'яднаць грамадзтва, захаваць краіну і вырашыць задачы, якія стаяць перад намі”.

19 сьнежня меншасьць было здушаная. Здушаная зусім не “пераважнай большасьцю”, а сіламі міліцыі і АМАПу
Бо мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, адзін народ. Што робіць нас адным народам, пры ўсёй розьніцы ў нашых поглядах, пунктах гледжаньня і падыходах? Менавіта тое, што па найважнейшых пытаньнях разьвіцьця краіны мы можам прыходзіць да згоды. Мы можам дамаўляцца і знаходзіць кропкі судотыку. Але менавіта прыходзіць да згоды, да прымірэньня розных пазыцый і пунктаў гледжаньня.

А ці гатовы прэзыдэнт менавіта да гэтага ў сваёй “барацьбе за нашы погляды, розумы і сэрцы”? Бо сказана толькі пра тое, што гэта ён, прэзыдэнт, разам з пераважнай большасьцю будзе змагацца за нас, нашы розумы і сэрцы. Але нідзе не сказана, што і меншасьць мае такое ж права змагацца за розумы і сэрцы большасьці!

19 сьнежня меншасьць было здушаная. Здушаная зусім не “пераважнай большасьцю”, а сіламі міліцыі і АМАПу.


Акрамя таго, ня толькі меншасьць, але і значная частка большасьці ня вераць у лічбы Цэнтрвыбаркама. Вельмі многія аналітыкі і назіральнікі схіляюцца да таго, што кандыдат Лукашэнка мог выйграць нават першы тур выбараў. Але з нязначнай перавагай галасоў. І сацыялягічным апытаньням і простым назіраньням цалкам адпавядалі б лічбы ад 51% да 60%. Навошта трэба было выдаваць лічбу 79%?

Тлумачэньне вельмі простае – 51% дастатковы для перамогі на выбарах, але занадта малы для стварэньня ілюзіі ўсенароднай падтрымкі і абсалютнай і пераважнай большасьці. А прэзыдэнту неабходна менавіта абсалютная і пераважная! Бо толькі наяўнасьць такой большасьці як бы апраўдвае падаўленьне меншасьці сілай.

На жаль, сілавы аргумэнт зьяўляецца галоўным і вызначальным у “барацьбе за нашы погляды, розумы і сэрцы”.

Сумленнасьць – найлепшая палітыка. Менавіта адсутнасьць сумленнасьці ў сучаснай беларускай палітыцы выводзіць людзей на вуліцу і на Плошчу, а не любоў да каго-небудзь з альтэрнатыўных кандыдатаў
Дэмакратычная меншасьць сапраўды мае іншыя ўяўленьні пра тое, як павінна разьвівацца Беларусь. Але таму-та яна і дэмакратычная – гэтая меншасьць, што гатова лічыцца з дэмакратычнымі працэдурамі прыняцьця рашэньня. Калі б на сумленных выбарах за кандыдата Лукашэнку было аддадзена 50% плюс адзін голас, гэта было б лепшым аргумэнтам у “барацьбе за погляды, розумы і сэрцы”. Сумленныя выбары, празрысты падлік галасоў – вось аргумэнт у барацьбе за розумы і сэрцы. Але не дубінкі АМАПу, і не арышты лідэраў думак.

Сумленнасьць – найлепшая палітыка. Менавіта адсутнасьць сумленнасьці ў сучаснай беларускай палітыцы выводзіць людзей на вуліцу і на Плошчу, а не любоў да каго-небудзь з альтэрнатыўных кандыдатаў. І справа тут зусім не ў розных поглядах “на пабудову сьвету і разьвіцьцё краіны”.

Мы адзін народ. Гэта зусім не значыць, што мы ўсе прытрымліваемся адзінага пункту гледжаньня. Гэта значыць толькі тое, што мы ўсе, і большасьць, і меншасьць маем РОЎНЫЯ ПРАВЫ. Роўныя правы мець свой пункт гледжаньня, і ня толькі. Важнае яшчэ права на тое, каб данесьці свой пункт гледжаньня да ўсіх зацікаўленых. Здушанае і падаўленае як раз гэта фундамэнтальнае права – свабода слова.

Прыгожыя словы Лукашэнкі ў яго навагоднім звароце да беларускаму народу варта разумець менавіта так, як ён з сказаў у кантэксьце падзей апошніх дзён і з ўдакладненьнямі ў самым звароце:

– Нязгодная з пазыцыяй рэжыму меншасьць нарэшце прызнаецца часткай беларускага народа;

– Прызнаецца наяўнасьць нязгоднай з пазыцыяй рэжыму меншасьці, але яна прызнаецца толькі аб’ектам узьдзеяньня, а не самастойным суб'ектам, з якім трэба весьці дыялёг.

Таму ў меншасьці зараз узьнікаюць новыя задачы. Нам трэба здабыць суб'ектнасьць – стаць удзельнікам дыялёгу альбо перамоваў з большасьцю. Каб змагаліся не людзі адзін з адным, а погляды, пазыцыі і пункты гледжаньня.

Нам трэба здабыць суб'ектнасьць – стаць удзельнікам дыялёгу альбо перамоваў з большасьцю. Каб змагаліся не людзі адзін з адным, а погляды, пазыцыі і пункты гледжаньня
Ну, а прэзыдэнту трэба яшчэ многае асвоіць з асноў дэмакратыі. Мала прызнаваць існаваньне процілеглага пункту гледжаньня. Важна яшчэ і крытычна ставіцца да свайго ўласнага. Большасьць не заўсёды мае рацыю. Бо ўжо зараз прэзыдэнт прайграе ідэйную барацьбу, ён засвоіў многае з падыходаў апазыцыі, з чым апантана змагаўся ў 90-я гады.

Пакуль прэзыдэнт перамагае людзей, якія ў меншасьці. Але ідэі гэтых людзей перамагаюць у “барацьбе за погляды, розумы і сэрцы” ня толькі большасьці, але і самога грамадзяніна Лукашэнкі.

І гэта выдатна! Але навошта ж біць і мучыць людзей, носьбітаў гэтых ідэй? Тым больш, што яны перамагаюць!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG