Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя адмовілася разглядаць справу Барыса Хамайды


Барыс Хамайда
Барыс Хамайда
Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебска Алена Цыганкова адмовілася судзіць апазыцыянэра Барыса Хамайду, на якога міліцыянты склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.

Віцебскі апазыцыянэр, якога затрымалі за тое, што ён выйшаў у цэнтар Віцебску пад бел-чырвона-белым сьцягам, паведаміў пра сваё часовае вызваленьне. Яго ўжо былі завезьлі ў Чыгуначны райсуд, каб судзіць паводле складзенага супрацоўнікамі міліцыі пратаколу, але судзьдзя Алена Цыганкова адмовілася разьбіраць ягоную справу. Яна сказала, што пратакол складзены няправільна: міліцыянты не ўлічылі, што за адміністрацыйнае правапарушэньне Барыса Хамайду затрымалі паўторна.

Апазыцыянэра адпусьцілі, паведаміўшы, што ён мусіць чакаць позвы ў суд, калі пратакол будзе перапісаны. У Чыгуначным РАУС яму вярнулі забраны падчас затрыманьня бел-чырвона-белы сьцяг.

Барыс Хамайда 3-га студзеня распачаў бестэрміновую акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга", прысьвечаную 20-годзьдзю беларускай незалежнасьці. Але ў першы ж дзень яго затрымалі, калі ад пачатку акцыі не прайшло й адной хвіліны.

Сэнс свае акцыі віцебскі апазыцыянэр патлумачыў так: "У 1991 годзе наша краіна стала незалежнай дзяржавай. Незалежнасьць пачыналася з таго, што бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" былі прызнаныя дзяржаўнымі. Таму я штодня буду выходзіць да так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна — з нашым нацыянальным сьцягам. Калі мяне пачнуць за гэта перасьледаваць, то будзе зразумела, што беларускія ўлады супраць незалежнасьці нашай краіны".

Заўтра Барыс Хамайда мяркуе працягваць акцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG