Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму сёньня апублікавала сьпіс з 19 асобаў, падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Сьледзтва абрала ім меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай. Усе падазраваныя знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні. Аднак адвакатам пакуль не ўдалося дамагчыся сустрэчы з Уладзімерам Някляевым. Адвакатка Тамара Сідарэнка сёньня зноў накіравалася да сьледчага ізалятару КДБ, але яна ня ўпэўнена, што да Някляева пусьцяць:
«Не ўдалося ні ўчора, ні паўдня сёньня. Наогул, адвакаты не праходзяць. Вось яшчэ паўдня таксама буду сядзець. Але шанцы маленькія. Кабінэты занятыя, кім — ня ведаем.
Шанцы маленькія. Кабінэты занятыя, кім — ня ведаем.
На Ўладзімера Някляева 19 сьнежня напалі невядомыя і зьбілі на вачах у міліцыі, яшчэ да закрыцьця выбарчых участкаў. Кандыдата ў прэзыдэнты хуткая дапамога адвезла ў шпіталь. З бальнічнай палаты, паводле жонкі Вольгі, Някляева выкралі людзі у цывільным: яго скруцілі ў коўдру і вынесьлі.
Паэт Яўген Еўтушэнка празь Першы расейскі тэлеканал зьвярнуўся да беларускіх уладаў:
«Так страшна слухаць цяпер, што ледзь не забілі аднаго зь лепшых беларускіх паэтаў. Беларусы, якія былі нацкаваныя некім, якія нават не чыталі яго, напэўна, яго вершаў, хаця ён адзін зь лепшых сёньняшніх беларускіх паэтаў. Хочацца проста крычаць, каб пачулі мяне, і каб ён быў вызвалены».
Прэсавы сакратар ГУУС Менску Аляксандар Ластоўскі паведаміў, што затрыманыя «ўсе жывыя і здаровыя». Таксама ён адзначыў, што сьледзтва мае вялікую колькасьць матэрыялаў, і праводзяцца сьледчыя дзеяньні.
«Гэта не азначае, што сьледзтва зацыкленае толькі на 19 арыштаваных, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ. Сьледзтва адпрацоўвае вызначэньне і датычнасьць усіх асобаў, якія знаходзіліся на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Усіх, а ня толькі гэтых 19-ці.
Выявіць датычнасьць нават тых трох тысячаў, якія заяўлены, вы разумееце, колькі гэта трэба часу.
Сярод 19-ці арыштаваных — кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, Аляксей Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч. Арыштаваная жонка Саньнікава Ірына Халіп. А таксама шэраг давераных асобаў кандыдатаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Міліцыя паведаміла, што ім цяпер можна перадаваць перадачы. Двое затрыманых, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька, абвясьцілі галадоўку пратэсту.
Адвакатка Анатоля Лябедзькі Ірына Бурак: «Ён, як вядома, аб’явіў галадоўку, і стан яго здавальняючы. Абвінавачаньне яму пакуль ня выстаўленае. Мы рыхтуем скаргу. Пакуль у сьледчым ізалятары толькі два сьледчыя кабінэты, і адвакаты займаюць чаргу, каб трапіць да сваіх кліентаў».
Адвакат Павел Сапелка сказаў, што з задавальненьнем зноў сустрэўся б са сваімі падабароннымі Андрэем Саньнікавым і Паўлам Севярынцам, але пакуль СІЗА ня можа задаволіць адвакацкіх прэтэнзій. Таксама ён сказаў, што ня мае магчымасьці зьвязацца са сьледчым.
Кандыдату ў прэзыдэнты можна было абраць іншую меру стрыманьня, нават калі ён зьяўляецца падазраваным.
Адвакат Алег Працэнка паведаміў, што сёньня зноў намагаецца сустрэцца зь Віталём Рымашэўскім і зьбіраецца абскардзіць меру стрыманьня. Абвінавачаньне Рымашэўскаму таксама пакуль не выстаўляецца.
Адвакат Ірыны Халіп Уладзімер Тоўсьцік заявіў хадайніцтва аб спыненьні справы, якое падтрымана Ірынай. Адвакатка Міколы Статкевіча Тацяна Станкевіч паведаміла, што зьбіраецца на наступным тыдні сустрэцца з падабаронным. Тым часам у ноч на 23 сьнежня быў зьняты беларускімі памежнікамі зь цягніка Менск — Варшава і перададзены міліцыі кіраўнік выбарчага штабу Статкевіча Сяргей Марцалеў. Ён накіроўваўся ў Варшаву на запіс перадачы тэлеканалу «Белсат».