Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Neue Zürcher Zeitung: Сапраўдны твар Лукашэнкі


"Сваім абыходжаньнем з апазыцыяй прэзыдэнт Лукашэнка паказвае свой сапраўдны твар. Свабодныя выбары ў ягонай краіне немагчымыя", піша карэспандэнт швайцарскага выданьня "Neue Zürcher Zeitung" Цырыл Штыгер.

"Наша ўлада паважае толькі адну пазыцыю — гэта пазыцыя сілы. Абіралі прэзыдэнта — а абралі цара, які клапоціцца толькі пра сваіх сыноў і пра тое, як напхаць кішэні сваім чыноўнікам", цытуе выданьне словы, сказаныя зусім нядаўна ў эфіры Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня адным зь дзевяці альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнта Віталём Рымашэўскім, які цяпер знаходзіцца пад вартай. Другі арыштаваны пасьля выбараў кандыдат, таксама ў жывым тэлевізійным эфіры, ускосна абвінаваціў Лукашэнку ў дачыннасьці да сьмерці журналіста-дысыдэнта. Тады, падчас выбарнай кампаніі, атмасфэра была свабоднай і адкрытай.

"Але", адзначае "Neue Zürcher Zeitung", "усё гэта мела мала супольнага з дэмакратыяй. Лукашэнка, які аўтарытарна кіруе краінай ад 1994 году, цалкам кантралюе ўсе палітычныя інстытуты і можа дазволіць сабе пэўныя паслабленьні падчас выбарнай кампаніі. Увесь дзяржаўны апарат выкарыстоўваецца ім толькі для захаваньня ўласнай улады. У сваёй перамозе ён быў упэўнены яшчэ загадзя, у тым ліку і дзякуючы разьяднанай апазыцыі, якая не змагла дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Дый Брусэль у выпадку справядлівых выбараў паабяцаў дыктатару тры мільярды эўра. Забыўшыся зусім, што ў Лукашэнкавай сыстэме абсалютна ня можа быць сапраўды дэмакратычных і свабодных выбараў".

"Сваё сапраўднае аблічча менскі дыктатар прадэманстраваў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў", працягвае "Neue Zürcher Zeitung". — "Сілы бясьпекі жорстка абышліся з апазыцыяй. Гэта яшчэ раз сьведчыць пра вялікі ўплыў камуністычнага таталітарызму на асобу колішняга кіраўніка саўгасу. Яму працягваюць мроіцца каляровыя рэвалюцыі з усімі іхнімі жахамі. Хоць ад іх Беларусь вельмі далёкая".

Да таго ж, адзначае выданьне, за некалькі дзён да выбараў Лукашэнка ізноў атрымаў падтрымку Масквы.

Паводле "Neue Zürcher Zeitung", праблема палітычнага супраціву ў Беларусі — у тым, што "ён абмяжоўваецца гарадзкой элітай. Адрозна ад Украіны, дзе, прынамсі на яе заходніх землях, існавалі традыцыі антысавецкага супраціву, у Беларусі цяжка разьлічваць на апазыцыю, у якой можна было б убачыць нейкую супрацьвагу дзейнай уладзе. Распад СССР шмат хто тут успрымае, не без расейскага ўплыву, як трагедыю. Нацыянальная ідэнтычнасьць у Беларусі слабая, традыцыяў дзяржаўнасьці няма. Менскі аўтакрат асабліва папулярны ў правінцыі".

"Лукашэнку ўсё яшчэ ўдаецца захаваць на постсавецкай прасторы добрую рэпутацыю кіраўніка, які забясьпечыў свайму народу высокі ўзровень жыцьця. Як толькі падваліны гэтай папулярнасьці пахіснуцца, можа абрынуцца і ўлада Лукашэнкі. Ён больш, чым калі-колечы, залежыць ад добрых стасункаў з Захадам і асабліва ад ільготных расейскіх паставак газу і нафты. Лукашэнка мае досьвед здабыцьця выгад праз гульні з Масквой і Захадам. Ад Расеі і асабліва ад ЭЗ залежыць, ці будзе пакладзены канец гэтай ганебнай гульні", заканчвае свой артыкул у "Neue Zürcher Zeitung" журналіст Цырыл Штыгер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG