Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этнічныя палякі з Гарадзеншчыны: "У нас усё добра, хто б ні кіраваў"


Пра гэта гаварылі ў інтэрвію карэспандэнцы нямецкага выданьня “Neues Deutschland” яе суразмоўцы – этнічныя палякі з Гарадзеншчыны.

30-гадовая гарадзенская бізнэсоўка Наталья вязе на сваёй машыне нямецкую журналістку ў госьці да маці – у вёску, што непадалёк ад Горадні. Гаворачы пра выбары, Натальля дэманструе сваё скэптычнае стаўленьне. Яны яе не хвалююць. Сама яна ня надта залежыць ад таго, што называецца “сыстэмай”. Яе сямігадовая дачка вучыцца ў пачатковай польскай школе, дзе “няма ані камуністычнай ідэалёгіі, ані піянэраў, ані камсамолу, тут сьвяткуюць каляды і вучаць польскую мову”.

Натальля і яе сям’я належаць да тых, прыкладна 40% насельніцтва вобласьці, якія маюць "карту паляка”.

“Калі я ў Беларусі, я кажу, што я полька. За мяжой, я кажу, што я грамадзянка Беларусі. Мой дом знаходзіцца ў Беларусі, у прыватнасьці, на Гарадзеншчыне. Я, гэтак мовіць, патрыётка маёй малой радзімы, аднак не патрыётка краіны”, кажа маладая жанчына падчас паездкі.

Належнасьць рэгіёну да 1939 году да Польшчы прынесла пэўныя перавагі тым людзям, якія змаглі даказаць сваё польскае паходжаньне, а таксама прайшлі моўны тэст у польскім консульстве. “Карта паляка” дазваляе ім атрымліваць сталую шэнгенскую візу, а таксама працу і від на жыхарства ў Польшчы. Гэты вельмі адчувальныя прывілеі для краіны, дзе віза ў краіны ЭЗ каштуе 60 €, або палова сярэдняй месячнай пэнсіі.

У Беларусі можна добра жыць, калі не цікавіцца палітыкай...
Многія маладыя палякі зь Беларусі таксама карыстаюцца магчымасьцю вучыцца бясплатна ў Польшчы. Натальля, напрыклад, скончыла ў Варшаве школу для жанчын-прадпрымальніц зь Беларусі. Натальля задаволеная сваім жыцьцём.

"У Беларусі можна добра жыць, калі не цікавіцца палітыкай”, кажа яна.

Яе абыякавае стаўленьне да палітыкі і выбараў пастаянна зьяўляецца падставай для канфліктаў з маці.

У мінулым мэдычная сястра гэтая пажылая жанчына кажа:

"Мы жывем вельмі добра ў Беларусі, мы вельмі задаволеныя нашым прэзыдэнтам. Нам асабліва прыемна, што ў нас няма аніякага тэрарызму, які ёсьць паўсюль”.

Маці Натальлі абавязкова пойдзе ў нядзелю на выбары, каб аддаць свой голас за Лукашэнку. Яна кажа, што за яго ўсе простыя людзі. Прынамсі ў сельскай мясцовасьці ён заўсёды атрымае падтрымку.

Разам з Натальляй у госьці да маці з Горадні прыбыла і малодшая сястра 25-цігадовая Алена. Нядаўна яна ўзяла шлюб разам са сваім хлопцам. Як маладая сям’я яны атрымалі крэдыт і набылі аднапакаёвую кватэру. Пляны маладых на будучыню - гэта “мець дваіх дзяцей, купіць машыну, пабудаваць дом, а таксама ня страціць пры гэтым каханьня”.

Для Алены палітыка таксама як і для сястры не адыгрывае аніякай ролі. “Я не цікаўлюся выбарамі, бо мне хапае маіх паўсядзённых праблем”, сьцьвярджае дзяўчына. Ад таго, што яна зьяўляецца сябрам БРСМ, ёй, праўда, неяк няёмка перад Натальляй. “Аднак, што зрабіць, калі нас настойліва апрацоўвалі туды ўвайсьці. А я не чалавек прынцыпаў”.

У некалькіх хвілінах ад дому маці Натальлі, але ў іншай вёсцы жывуць яе бабуля ды дзядуля – Сюзана ды Анджэй. Усяго ў вёсцы акрамя іх яшчэ 9 жыхароў, усе этнічныя палякі, як адзначае 78-хгадовы дзед. Ён размаўляе на беларуска-польска-расейскай мяшанцы.

"Мы заўсёды жылі ў Беларусі і ганарымся тым, што палякі”, адзначае на такой жа трасянцы бабуля.

У цяперашняй Польшчы старыя не былі ані разу. Пры савецкім часе гэта было немагчыма, цяпер жа няма ў жывых блізкіх сваякоў, якіх можна было наведаць.

“У Беларусі можна жыць, бо мы маем добрага прэзыдэнта”, кажа Анджэй. Галоўнае, што няма вайны”.

Сваіх гасьцей дзед частуе крывяной каўбасой, яго жонка насмажыла бліноў.

“Усё з нашай прыватнай гаспадаркі”, ганарыцца Анджэй. Усё сваё жыцьцё ён працаваў селянінам і ніколі ня быў у калгасе.

“Мы жывём добра, незалежна ад таго, хто намі кіруе. У нас ёсьць, што паесьці, нам нічога ня трэба”, падхоплівае словы мужа Сюзана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG