Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няпростая сустрэча Рымашэўскага ў Магілёве


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
15 сьнежня ў Магілёве зь мясцовымі выбарцамі сустракаўся кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі. Паслухаць яго перадвыбарчы выступ прыйшлі як ягоныя прыхільнікі, так і апанэнты. Сустрэча адбылася нэрвовай і скандальнай.

На сустрэчу з кандыдатам у прэзыдэнты ад беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў у актавую залю сярэдняй школы № 21 прыйшло больш за сто чалавек. Прамаўляў Віталь Рымашэўскі дзьве з паловай гадзіны. Пачаў са звароту:

«Супрацоўнікам, прысутным тут, ідэалягічнага аддзелу просьба адразу не хаміць людзям. Мы ўжо ведаем па мінулых сустрэчах, які ўзровень у вас культуры. Не выкрыквайце зь месцаў. Паважайце людзей, якія прыйшлі сюды ад шчырага сэрца задаваць пытаньні. А ўсіх, хто сюды прыйшоў па добрай волі, а не паводле разнарадкі, заклікаю быць больш сьмелымі й задаваць пытаньні».

Разам з тым на ўсе пытаньні Віталь Рымашэўскі паабяцаў адказаць. Пра сваю перадвыбарчую праграму кандыдат апавядаў гадзіну. Яшчэ паўтары гадзіны адказваў на пытаньні.

Напрыканцы сустрэчы надарыўся скандал. Аднаму з прысутных не спадабалася тое, як адказвае на пытаньні Рымашэўскі. Ён паспрабаваў давесьці сваю пазыцыю празьмерна эмацыйна. Спроба яго супакоіць толькі пагоршыла сытуацыю. Рымашэўскі папрасіў памочнікаў выклікаць міліцыю. Што ж не спадабалася спадару сталага веку?

«Заклікаць моладзь выйсьці на плошчу 19 чысла — у чыіх інтарэсах стварыць гэтую правакацыю? Зразумела, у інтарэсах прайграўшых з тым, каб потым зьвінаваціць уладу і стварыць ажыятаж вакол нашай рэспублікі».

Яшчэ адну спадарыню пакрыўдзіла тое, што Рымашэўскі нібыта не адказаў на яе пытаньне.

«Сказалі мне, што я падстаўленая. Дык што, я не магу прыйсьці сюды? Выслухаць я ж маю права. Ён жа сам заклікае да дыялёгу. У мяне ёсьць сваё меркаваньне: што ня так усё дрэнна ў дзяржаве. Дзяржава стараецца, аказвае дапамогу. А чаму ў яго так усё дрэнна? Яго паслухаць — мы жывём у такім г…».

Адзін з прыхільнікаў Рымашэўскага заявіў, што пэўная група людзей хацела сарваць сустрэчу, аднак у яе гэта не атрымалася:

«Яны спрабавалі даказаць, што ён сваёй праграмай заклікае людзей да гвалту, што ён вораг беларускага народу, а таксама тыя людзі, якіх ён спрабуе перацягнуць на свой бок».

Як сам Рымашэўскі ацэньвае сустрэчу?

«Выдатная сустрэча. Я проста рады, што ў Магілёве ёсьць такія людзі — мужныя, сьмелыя. Сёньня мы павыганялі гэтую мафію адсюль. Я думаю, што мы разам пагонім іх і далей. Гэта былі правакатары. Яны задаюць пытаньні заўжды адны і тыя ж».

Напрыканцы сустрэчы Рымашэўскі і ягоныя памочнікі раздалі паплечнікам візытоўкі. Кандыдат пакідаў на іх свае аўтографы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG